epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Свежына

Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя
Частка чацвёртая


Частка першая

 

Язэп устаў з пасцелі

І стаў кумекаць зрання:

— Дык сёння што? Нядзеля?

Пайду на паляванне!

 

Зайду, гукну Сцяпанку,

Усё ж зручней на пару.

Язэп узяў ламанку —

Дадзім дзічыне жару!

 

Але Сцяпан «адбіўся»,

Бо меў другія планы.

— Я ж сёння падрадзіўся

Свінню калоць у Ганны...

 

Ды кінь ты аднастволку,

Дарэмна муліш плечы.

З яе, Язэпка, толку,

Як з чапялы ля печы.

 

Глядзі! — дастаў ён пляшку

І падміргнуў пры гэтым.

— Мы зараз без прамашкі

Як смалянём дуплетам!

 

Сядай, пагрэем кішкі

І матанём да Ганны,

Спакойна, без задышкі

Зварганім «паляванне».

 

*

Пасля другой бутэлькі,

Як добра размарыла,

Сцяпан дастаў з-за бэлькі

Адвостранае шыла.

 

— Глядзі, якая зброя! —

І ткнуў пад нос Язэпу.

— Праткне свінчо любое,

Як параную рэпу.

 

За мной! — і ён падаўся

Праз снег, што густа сыпаў.

Язэп, хоць спатыкаўся,

Але за сябрам клыпаў...

 

— Ой, людцайкі! Ой дзякуй!

Сяброў сустрэла Ганна.

— Ты, баба, менш балакай!

Пакуль што дзячыць рана.

 

Вось свінства як абкоцім,—

Сказаў Сцяпан са смакам,

— Як скварка будзе ў роце,

Тады — і час падзякам.

 

— Ой, мілыя мужчынкі,

Ад жалю сэрца стыне.

Я ж так шкадую свінку! —

Галосіць гаспадыня.

 

— Запхні ты ў вушы вату,—

Язэп уставіў словы.—

А лепш — кульгай у хату

Ды ў печ падкідвай дровы.

 

*

Свінні і гора мала —

Дзень шэры ці прыгожы.

Яна шпацыравала

Ля хлева ў загароджы.

 

Яна гуляла смела

Без думкі, што загіне.

Адно не разумела —

Дзе з ежай гаспадыня?

 

Парохквала — без злосці,

Пачэсвалася смачна,

Папісквала — ды штосьці

Ані душы не бачна.

 

Зірк — падыходзяць двое

У сэрца штось кальнула.

Жывое — ёсць жывое —

Нядобрае адчула...

 

— Язэп... Баюся — гэта

Гара не хутка ўкленча...

Во чортава катлета —

Памэнча нас... памэнча.

 

Язэп падсыпаў солі

На Сцёпкава ваганне:

— Не есці нам ніколі

З яе кілбас, Сцяпане.

 

Што шыла гэтай «рэпе»?!

Яна ж — з каня памерам...—

Не псуй настрой, Язэпе,

Мы ашукаем звера!

 

Праз хітрую галоўку,

Як кажуць, менш заплоцім —

На шыю ёй вяроўку

І — хуценька пакоцім...

 

Падкраліся маўкліва...

Кідзель неспадзявана!

Свіння — у піск пужліва

І збіла з ног Сцяпана.

 

— Ну-у, ні свіння — тарпеда!

Сцяпан ледзь змог падняцца.

— Мы, Сцёпка, да абеда

За ёй будзем ганяцца.

 

Хай без яды гібее! —

Язэп Сцяпану кажа.

— Глядзіш — і паслабее,

Сама пад шыла ляжа.

 

— Ты што?! — Сцяпан спыняе

Свайго суседа ў злосці.—

Дык сала ўсё «зліняе»,

А застануцца косці.

 

Пакуль старая ў хаце

І не згубіла веру,

Мазгуй, Язэпе-браце,

Як паваліць халеру...

 

— А што?! Кладзем на шалі

Маё ружжо і шыла?

Глядзі, як гэтай кралі

Укарачу я рыла!

 

Я ў вуха засандалю,

А ты — стой нагатове —

Хутчэй дакалвай кралю.

Ну, згодзен?

— Ёсць, панове!

 

*

Язэп страляў прыцэльна,

Ды хваляваўся, мусіць,

Бо раніў несмяртэльна...

А свінка як прыпусціць!

 

Сцяпан адкінуў шыла,

Адскочыў, дзякуй Богу.

«Тарпеда» ж плот скрышыла

І ў лес цераз дарогу.

 

Язэп стаяў убогі,

Меў выгляд кіслы, посны.

А ў лесе ўздоўж дарогі

Ажно трашчэлі сосны.

 

— Сляпы ты пень! Мазіла! —

Зароў Сцяпан заганна.

І тут загаласіла

З’явіўшаяся Ганна.

 

— Ой, свіначка ж мая ты!

За што такія мукі?

Ах, злыдні! Ах, вар’яты!

Каб вам адсохлі рукі!

 

— Во стогне!.. Во галосіць!..

Не скавычы — дагонім!

Сцяпан успыхнуў: — Досыць!

Цяпер не праваронім!

 

У лес! За ёй! Па следзе! —

Крычыць Сцяпан Язэпу.—

Свінню прыціснем недзе,

Як параную рэпу.

 

*

Ішлі па снезе борзда.

— Цяпер давай — я стрэльну.

Адразу ж гэта морда

Патрапіць на патэльню!

 

Язэп стаў паслухмяным,

Аддаў ружжо без спрэчкі.

— На, тут патрон з жаканам,

Улупіць без асечкі...

 

Ішлі, а снег — як з меха,

Па лапцю — вось што дрэнна.

«Даследчым» не да смеха,

Бо след прапаў імгненна.

 

— Цяпер нам не хапае

Сабачага, брат, нюху.

Дзе боўдзіла дурная —

Ні слыху і ні духу.

 

— Капцы! Уліплі, Сцёпа!

«Зварганіў» ты гулянку...

— Ды сам ты недацёпа!

Начорта браў бярданку?

 

Я абышоўся б шылам,

Без мук наскрозь бы джаліў.

Стральнуў? Наеўся мыла?

Вось ты і засандаліў...

 

Язэп падныў: — Во гора!

За што нам пакаранне?

Ісці дадому сорам —

Што скажам бабе Ганне?

 

Далей ішлі маўкліва,

Без думак, без удачы.

І раптам — вось дык дзіва!

Свяжуткі след свінячы.

 

Сцяпан запырскаў слінкай,

Дае загад-параду:

— Сыграем ёй памінкі!

Гані, а я — ў засаду!

 

Крутні, як па заказу,

Каб на мяне «часала».

Я з гэтай вось заразы

Зраблю кубёлак сала!..

 

І, праўда, неўзабаве

Прыйшоў неспадзяваны

Канец пакутнай справе —

Ударыў стрэл жаданы.

 

Пачуўся піск адчайны

І трэск галля сухога...

Зноў лес прыціх крыштальны,

Як не было нічога.

 

Сябры — бягом да мэты

І... матухна Святая! —

Дык гэта... дык не гэта.

Свіння, але... не тая...

 

— Ды хрэн на гэта сала!

Хоць дзікую прытурым.

— Ой, будзе нам не мала...

— Ды бабу мы абдурым!..

 

Сцяпан смактаў, як соску,

Цыгарку з асалодай.

— Язэп! Падскоч у вёску,

Схапі каня з падводай!

 

— Ты што? З санямі, пэўна?

Во цемра — з сябрам райся...

Сцяпан успыхнуў гнеўна:

— Хоць на ражне вяртайся!

 

Там супакой жанчыну,

Скажы — свінню злавілі...

— Нам разабраць дзічыну

Паспець бы — дзень на схіле.

 

*

Бывайце, лёсу хібы,

Жыцця выпрабаванні...

Да Ганнінай сядзібы

Паўзлі са скрыпам сані.

 

Ля хаты нам знаёмай

Спыніліся паволі.

Сцяпан сказаў са стомай:

— Не будзе бегаць болей...

 

У Ганны — слёзы шчасця,

Але раптоўна кажа:

— Дык гэта ж — іншай масці,

А дзе мая прапажа?

 

— Ты што, старая качка?!

Сушы мазгі на плоце!

Гэта ж — твая ўцякачка,

Ды толькі ўся ў балоце.

 

— А лыч чаму даўжэзны?

Ці ж быў такі дасужы?

Сцяпан — нібы жалезны:

— Адмерз, распух на сцюжы!

 

— А поўсць? А валаснюкі?

Рашылі што? Падманем!

— А для чаго ў нас рукі?

Абсмалім, абалванім!

 

Язэп! Яна бракуе! —

Не хоча? Фідарзэйчык! —

Няхай пакавырсуе! —

Сцяпан узяў за лейцы.

 

— Глядзі, старая, думай,

У двух напрамках сцелем:

Ці забірай — і хрумай,

Ці без цябе падзелім.

 

Старая памякчэла:

— Я што?.. Я вам удзячна..

Я што?.. Вось звечарэла,

Дык мне і дрэнна бачна...

 

Не тое я малола,

Увагі не звяртайце...

Мая! Мая жывёла!

Смаліце, разбірайце...

 

*

Патэльня святкавала —

Спявала шумна, звонка!

Падсмажвалася сала,

І скабкі, і пячонка.

 

Кілішкі — аж пацелі

Ад найважнюткай ролі —

Усе з іх піць хацелі

Часцей, паўней, паболей.

 

Ляжаць відэльцы скрытна.

І хоць яны ледзь бачны,

А схопяць вельмі спрытна

Кавалак самы смачны...

 

Што ж, свежына — не жарты,

Гуляюць да світання...

Каму ж у рукі карты?

У нас тут сёння — Ганне!

 

Яна ўсё гатавала

І з хітрацой смяецца:

— Чаму, мужчынкі, сала

Маёй свінні не жвецца?

 

— Дык свежына ж — не каша!

Не будзе сала жвацца,

Бо вам-с, мамзэля наша,

Да-а-аўно ня васямнаццаць.

 

У роце зуб адзіны

Схаваўся ў закуточак.

Ты ж будзеш тры гадзіны

Жаваць вады глыточак...

 

Смяюцца «дапаможцы»,

Жартуюць, байкі родзяць...

Па кропельцы, па крошцы

Душа спакой знаходзіць.

 

— Мы, Ганначка, талкова

Усё з Язэпам можам.

Гадуй свінню нанова,

Пакліч — мы дапаможам.

 

*

Мінулых дзён не знойдзеш,

Хоць кліч ці хоць не кліч іх.

Няхай хоць заклік дойдзе

Да вас, да паляўнічых:

 

— Свінню, што збегла зрання,

Калі падстрэле хтосьці,

Аддайце бабе Ганне

І нас паклічце ў госці.

 

Частка другая

 

Назаўтра — прэч паблажку!

Ледзь толькі зашарала,

Язэп са скрыпам, цяжка

Устаў — нутро гарэла.

 

— Дало ж учора здуру

Насёрбацца без меры.

А ўсё з-за воўчай скуры —

З-за той свінні-халеры.

 

Язэп зірнуў наўкола

І... у кладоўку «збочыў»,

У ёй глынуў расолу

І раптам аж падскочыў.

 

— Дык а свіння ж у лесе!

Ну а куды ж ёй дзецца?!

Напэўна, снег там месіць

І з дурняў двух смяецца.

 

Няўжо ж сышла далёка —

Мо побач дзе плытае?

Пайду, праветру вока,

Ды шчасця паспытаю.

 

Мароз хапаў за шчокі,

За нос, як абцугамі.

І снег агучваў крокі —

Паскрыпваў пад нагамі.

 

Было у лесе ціха

Ды і бялюткім-бела.

І ў Язэпа крыху

Пад шапкай прасвятлела.

 

Язэп аглядваў строга

Прагаліны лясныя.

Слядоў было хоць многа,

Ды ўсе яны не тыя.

 

— Разменьвацца не буду! —

Язэп успомніў дзюшку.—

Мне б нашу цуду-юду

Спаткаць і ўзяць на мушку.

 

Язэп ішоў і мроіў:

— Вярнуць назад бы страту!

Сцяпана б абязброіў,

І Ганне — двойчы свята!

 

Раптоўна... (зноў «раптоўна»)

Было такое ўчора.

След пацягнуўся роўны,

Глыбокі, як разора.

 

Язэп ажно затросся,

Успыхнуў погляд сонны.

Ён за свіннёй панёсся

Па следзе, як шалёны.

 

— Няўжо, аболтус татаў,

Ты не наробіш скварак?..

Язэп узмок да пятаў,

Бо снег злятаў за карак.

 

Не заўважаў і лапак,

Што лезлі прама ў вочы.

Ён нёс надзей «ахапак»,

Расходваў сіл астатак

І... на свінню наскочыў.

 

Яна ляжала ціха,

Бо надта знемаглася.

— Што, чортавае ліха!

З ваўкамі нажылася?!

 

А лес бялюткім ранкам

Над імі сумна віснуў...

Язэп узняў ламанку

І на курок націснуў.

 

*

Інспектар участковы —

Заўсёды каля справы.

Ён чалавек хоць новы,

А быў даволі жвавы.

 

І сёння зноў «таўпехаў» —

Не сеў ні на хвілінку.

Ён — дзе ішоў, дзе ехаў

У самую глыбінку.

 

Ішоў бадзёры, строгі —

Не ладзіў ён са смехам.

Раптоўна ля дарогі

Стрэл пакаціўся рэхам.

 

— А-а! Браканьер заскочыў!

Патрэбен мне для плана!

І участковы збочыў

У лес усхвалявана.

 

Ён ельнічак маўклівы

Мінуў рашуча, шпарка.

А тут — Язэп шчаслівы

Сядзеў, смактаў цыгарку.

 

А перад ім здабыча

Свініну распластала.

— Што, гора-паляўнічы,

Паквапіўся на сала?

 

Навошта знішчыў звера?! —

Язэп збялеў: — Дык гэту...

— Маўчаць! Я браканьераў

Усіх звяду са свету.

 

Язэп падалікатней

Тлумачыць стаў «уладзе»:

— Яна пароды хатняй

І сперадзі, і ззадзі...

 

— Маўчаць! Не трэба здзекаў!

Не дурань, дзякуй Богу! —

Язэп стаяў, кумекаў,

Як праўдзе даць дарогу.

 

— Таварыш лейтэнанцік! —

Язэп працягваў хмура, —

На лыч, на ногі гляньце —

Тут іншая «фігура».

 

— Маўчаць! Ты тут бяспраўны!

Рашаю я задачу.

Я — чалавек дзяржаўны,

Я што — свінні не бачыў?

 

Паздзеквайся, пацешся,

Павесялі дзічыну.

Ў раёне «дасмяешся» —

Пайду лавіць машыну.

 

*

Ото ўжо лёс бывае —

Свінні «свінню» падкіне.

Яна, хоць не жывая,

А трэслася ў машыне.

 

Язэп і участковы

Раз не прыйшлі да згоды,

Рашаць будуць «галовы»,

Якой яна пароды...

 

Гула машына, пела,

Мільгалі елкі, сосны.

Язэп сядзеў нясмела,

Сумненнямі паросны:

 

— Во ўліп, ажно па вушы

Амаль што у астрозе.

Трасуся тут ля тушы

На ветры, на марозе.

 

А што, калі ў раёне

Прышпіляць пакаранне?

Ды хай яно патоне

Такое паляванне!

 

Ружжо забраў дзяржаўнік

І пратакол крамзоліў...

Эх, ліха мне у страўнік! —

Сядзеў Язэп, скуголіў.

 

І вось па курсе прама —

Раённая вяршыня.

Ажно да выканкама

Пад’ехала машына.

 

Язэп ад халадрыгі,

Каля свінні астылай

Сядзеў у позе фігі —

Сядзеў, скруціўшы жылы.

 

З кабіны выйшаў чынна

Слуга правапарадку:

— Гэй там, каля дзічыны?

Падрыгайся ўпрысядку!

 

А я пайду з дакладам

Да найгалоўных самых.—

І, ён крутнуўся задам

Да двух арыштаваных.

 

Язэпу дзе дзявацца?

Кляў лёс, сваё нядбайства..

Тут — пачало збірацца

Раённае начальства.

 

Язэпа абступалі —

Міліцыі начальнік,

І хтосьці з «вертыкалі»,

Газетны аглядальнік.

 

Чыноўнікі, як статак,

Ішлі ад цёплых крэслаў...

Язэп заззяў да пятак: —

Вось дык жыццё узнесла?

 

А ўсё мая персона

Звяла іх, як на свята!..

І тут будзённа, сонна

Пачаў адзін аратар:

 

— Хто вырашыць задачу,

Раскажа тут народу,

Што за свінню мы бачам?

Якога радаводу?

 

— Інспектар паляўнічы! —

З натоўпу падказалі,—

Пазнае ён аблічча

На гэтым спрэчным сале!

 

Інспектар — зірк падлобна.

Ды і пачаў «маліцца»:

— Падобна й не падобна...

Баюся памыліцца...

 

З натоўпу з хваляваннем

Гаворка далятае:

— Ён сам на паляванні

Цвярозым не бывае!

 

Свінню, лася ці птаха

Ён на патэльні бачыў...

— Даволі! Хопіць лахаць! —

Галоўны «туз» зазначыў.

 

Як вырашыць пытанне,

Каб не ствараць разладу?

Мо склікаць заўтра зрання

Раённую нараду?..

 

Ці ў вобласць даць дэпешу?

Ды пакумекаць разам.

Няхай пытанне рэшуць

Загадам ці указам...

 

Адзін з чыноў гаворыць:

— Рашыць бы так пытанне:

Людзей на плошчы — мора,

Пачнем галасаванне...

 

Народ — разумны ў грудзе.

Параімся з народам.

Як скажа — так і будзе...

І вось гучыць над сходам:

 

— Увага! Хто з вас лічыць

Свінню ў машыне зверам?

А гэты паляўнічы

Каб зваўся браканьерам? —

 

Пайшло галасаванне,

Прынесла асалоду.

Язэп у хваляванні

Узняў руку — даў згоду.

 

— Хто супраць? Ды без крыку!..

Цяпер — усім падзяка! —

І вось, пасля падліку,

Язэп ад шчасця плакаў.

 

Ён быў на валасочак

Ад пакарання-свінства.

Адзіны галасочак

З Язэпа зняў «злачынства».

 

Без захаплення людзі

Вярталіся да працы...

— А што са мною будзе?

Як мне дамоў дабрацца? —

 

Язэп начальству ў вочы:

— Я ж тут з свіннёй загіну!

А тыя ўбок: — Як хочаш!

У нас няма бензіну.

 

Пад гэты шум «мышыны»,

Пад хітрыя адмовы

Свінню — на снег з машыны —

Бывай, Язэп, здаровы!

 

Стаіць бядак скалелы —

А хутка ж вечар зорны.

Стаіць — ад снегу белы,

Стаіць — ад крыўды чорны.

 

Згасаюць спадзяванні,

Куды дзявацца? Гора!

Раптоўна бачыць сані

І конь бяжыць бадзёра.

 

Язэп свой рот застылы

Напруг, глынуўшы сліну:

— Гэй, чалавечак мілы!

Ратуй! Канаю! Гіну!

 

Вазок паспеў спыніцца:

— Ну што тут за прашэнні?

Язэп самлеў — мо сніцца?

Сцяпан сядзеў на сене.

 

— Сцяпан?!

— Язэп?! Няўжо ты

Купіў свінню ў раёне?

— Ды ну яе ў балота!

Я ледзь не здох з ёй сёння!

 

Ой, Сцёпачка! Сцяпане!

Ты мне радней за брата!

Свіння ж — належыць Ганне.

Бо гэта — тая страта.

 

А ты адкуль? Мо з неба?

З’явіўся як? Во чары!

— Ды так... Была патрэба

Збыць лішкі на базары.

 

Давай свінню усцягнем,

Даволі ёй валяцца.

Ды мы абодва прагнем

Хутчэй дамоў дабрацца.

 

Сцяпан зірнуў на сябра:

— А ты — як пуп курыны.

Пагрэем зараз жабры

Цяпер не без прычыны.

 

Дастаў з-пад сена пляшку

І падміргнуў пры гэтым:

— Мы зараз без прамашкі

Як смалянём дуплетам!

 

Частка трэцяя

 

Якое ж гэта шчасце

Душы з душой вітацца,

Ды пасля ўсіх напасцяў

У родны дом вяртацца.

 

Няблізкую дарогу

Размова скарачае,

Ды й чарка, дзякуй Богу,

Нядрэнна выручае.

 

Сцяпан з Язэпам «хорам»

І песню зацягнулі,

Бо піць бутэльку — сорам,

Другую «смалянулі».

 

А ноччу, на марозе,

Гарэлка лепей мёда.

Пасля яе ў дарозе

І пні — не перашкода.

 

Бягуць у цемры сані,

Няспынна конік рушыць.

Язэп у хваляванні

Дзяўбе Сцяпану ў вушы:

 

— Мінулы дзень прыгодны —

Жыцця, Сцяпанка, варты!

Я ж рэферэндум сходны

Прайшоў! Ці ж гэта жарты?

 

Цяпер на гэту свінку

Душа глядзець не хоча.—

Язэп без перапынку

То плача, то рагоча.

 

Вязуць неспадзяваны

Для Ганны падарунак.

А вось і хата Ганны —

Ад холаду ратунак.

 

Язэп ажно згарае,

Загрукаў сярод ночы:

— Гэй, чапяла старая!

Гані свой сон сірочы!

 

Прымай і лой, і скабкі!

Набегалася — досыць!

Пачуўся голас бабкі:

— Каго там чэрці носяць?

 

— Каго?! Прымай дзічыну!

Убачыш, як абсмалім!..

Ды мы цябе свінінай

Аж з галавой завалім!..

 

Заляскацела клямка,

Пачуўся голас млявы:

— Няўжо ж ужо да ранку

Не церпяць вашы справы?

 

— Во сонная цяцера! —

Сцяпан са злосцю кажа,—

Язэп застрэліў звера —

Свінню, тваю прапажу!

 

— Не веру? — Ганна сонна,—

Хлусня! Кажу адкрыта!

— Не стой ты, як ікона! —

Абсек Язэп сярдзіта.

 

— Распальвай печ, ды чынна

Ўсё хочацца адзначыць...

— Не! Я спярша павінна

Сваю свінню пабачыць.

 

Сцяпан — ужо са стомай:

— Схадзі, пабач, памацай...

Ляжыць там пад саломай —

Ды мы займемся працай.

 

Закончыўшы прадмоўку,

Старая штось абула,

Накінула ватоўку

І ў цемру кульганула.

 

— Ну-у! Вернецца на крылах! —

Язэп пацёр далоні.

— Хутчэй бы стол накрыла,—

Сцяпан пачухаў скроні...

У хату заляцела

Узрушаная Ганна:

— Каб вам па скуле села

За вашае браханне!

 

Успоруць сярод ночы —

Глынулі, пэўна, мала?

Ды вам хоць плюй у вочы —

Вярзеце, што папала!

 

І лупяць словы Ганны

Мужчынам па жывому.

Яны — туды, дзе сані,

Пад сена, пад салому...

 

Усё паператрэслі —

Вачам сваім не вераць.

— Куды яе панеслі

Ваўкі — няўжо вячэраць?

 

— Куды?! Па пнях як ехаў —

Ёй ззадзі не ўтрымацца...

Адна цяпер уцеха —

Шукаць, назад вяртацца.

 

— Назад... Ці ж гэта летам?

Пазыч у Ганны пляшку —

Тады з табой дуплетам

Улупім без прамашкі...

 

І зноў пабеглі сані

За конікам руплівым.

І дрэвы, нібы здані,

Зноў паплылі маўкліва.

 

Не спіцца бабе Ганне —

Да ранку не прыляжа,

Чакаць будзе вяртання...

Ці знойдзецца прапажа?

 

Частка чацвёртая

Ёсць ісціна старая:

Дзе тонка — там і рвецца.

Жабрацкі дом згарае,

А панскі застаецца.

 

Дзяўбло нешанцаванне

Язэпа і Сцяпана.

Прыдбалі бабе Ганне

Бяду неспадзявана.

 

Сябры свой скарб жаданы

Ці знойдуць? Ці спатрэбяць?..

Зноў конік паслухмяны

Нагамі снег цярэбіць.

 

Плыве ўначы гаворка,

Хапае смеху, крыкаў.

То соладка, то горка

На сэрцы пад’ялдыкаў.

 

— Язэп! Не вешай дзюбу! —

Услых Сцяпан смяецца.—

Спаткаем нашу згубу!

Куды ад нас ёй дзецца?

 

Язэп — нібы спружына,

Наўкола пільна сочыць.

— Баюся, што ўражына

Зноў міма нас праскочыць.

 

Ёй, Сцёпка, мала веры,

Яна сваё далдоніць.

Яеныя манеры

Нас у труну загоняць...

 

— Адкінь дурныя думы!

Вось месяц як узойдзе,

Не тое, што свінню мы,

Сляпы іголку знойдзе!..

 

І сапраўды, заззяла

Паўночнае свяціла,

Усё святлом прыбрала,

Усё пасерабрыла.

 

Кусаў мароз-прычэпа

За макаўку, за пяты.

І раптам — крык Язэпа:

— Ура! Ляжыць вунь рэпа!

Во сальцісон пракляты!

 

Канец! Знайшлося сала!..

Між пнёў, каля дарогі,

Свіння адпачывала,

Уверх задраўшы ногі.

 

Ужо й Язэп смяецца:

— Раскручвай, Сцёпка, сані!

Апошнія, здаецца,

Тут нашы намаганні!

 

Рулюй, Сцяпане, бліжай!

Сцяпан лагодзіць: — Згода!

— Цягні! Ды хрэн з той грыжай!

— Ух, чортава калода!

 

І вось свінню ўсцягнулі,

Хоць лезла ў сані цяжка.

— Во горачка глынулі!

Язэп зрабіў зацяжку.

 

Сцяпан скрозь смех гаворыць:

— Ану скачы ўпрысядку!

Глынём, але не з гора

Для гэткага выпадку!

 

Абмыем пасажырку,

Паедзе, як з білетам!

Адтаюць нашы й ныркі,

Як смалянём дуплетам!

 

Сцяпан — у мех, да хлеба,

Каб пляшку ўзяць, хаванкі,

Язэп — бабах у неба

Ад радасці з ламанкі.

 

Сярод спакою ночы

Рванула, як з гарматы.

Конь — на дыбы! Падскочыў

І лупянуў дахаты.

 

Сябры аслупянелі.

Мароз... Наўкола ціха...

І войкнуць не паспелі,

Як зноў уліплі ў ліха.

 

*

У Ганны век на сконе:

То шумна, то бязлюдна.

І сёння ноч — бяссонне,

Цягнуўся час марудна.

 

Як Ганне ўсё праверыць?

Жыць застаецца чутым.

І верыць, і не верыць

Яна двум баламутам.

 

Хоць розум і смяецца:

«Яны ж хлуснёю цешуць...»

А сэрца спадзяецца:

«А можа і не брэшуць!»

 

Вагаецца старая,

Не спіць, таўчэцца дома.

Надзея ж памірае

Апошняй, як вядома.

 

На ганак выйдзе Ганна,

З-пад хусткі выткне вуха —

Хоць скрып пачуць бы санны

Ці двух сяброў пад мухай.

 

А ноч — як цень, глухая,

Бязгучная, як вата.

І Ганна уздыхае,

І зноў кульгае ў хату.

 

І гэтак вось чаўночыць,

З цяпла — на двор настылы,

Туды-сюды паўночы,

І раптам... Божа мілы!

 

Няўжо ёй гэта сніцца?!

Конь з цемры — і да хаты...

Адзін! А дзе ж вазніцы?..

Няўжо мароз пракляты?..

 

Хоць кволых спадзяванняў

Старая ў Бога просіць.

Затым — кульгіц да саняў

І тут — як загалосіць:

 

— Вярнулася! Мая ты!

А я ж цябе пазнала!

Прыехала дахаты!

Ой, дзе ж ты прападала?!

 

А я ж цябе карміла!..

І раптам шэпча Ганна:

— Цяпер свіння згубіла

Язэпа і Сцяпана...

 

Няўжо два безгалоўцы

У лесе акалелі?

Вось і канец вяроўцы,

І адгулі пахмеллі...

 

Дало ж ім так нягегла

Сустрэцца з Боскай карай...

Яна каня распрэгла,

Які стаяў пад парай.

 

Шкада жывёлу стала,

Схавала да каровы.

І хутка пакульгала

Да тых, хто, пэўна, ўдовы.

 

Ёй аж свярбела ў носе

Падняць людзей да ранку.

Пярвей за ўсіх Хаўросе

Панесла «пахаванку».

 

Хаўрося, як вядома,

Даўно Язэпа жонка.

Вось Ганна тут, ля дома,

Дрымціць у шыбу звонка:

 

— Хаўрося! Ой! Во гора!

Прачніся! Ай! Трымайся!..

Заляскала запора:

— Заходзь! Не распінайся!

 

Хаўрося сярод хаты

Стаіць у споднім млява:

— Што? Зноў алкаш пракляты

Спіць у цябе пад лавай?

 

— Ды не! Ай, Матка Свенча!

Старая кіпяціцца

І раптам як заенча:

— Мая ж ты удавіца!..

 

Хаўрося пабялела:

— Няўжо памёр? Во доля!

Старая зноў запела:

— Яны ж свінню калолі.

 

Затым яе стралялі,

Каб ім адсохлі рукі,

А потым даганялі,

І ўжо на дзікім сале

Паказвалі мне штукі!

 

А гэтай ноччу зноўку

П’яныя прыпляліся,

Дурылі мне галоўку...

Хаўрося ў крык: — Спыніся!

 

І без цябе мне горка,

Цяпер адной у свеце,

А ты, як тараторка,

Як той віхор на смецці!

 

Старая дух спыняе

І ўжо не таратора.

Хаўрося ўдакладняе:

— Свінню ж калолі ўчора!

 

А сёння, на світанку,—

Хаўрося ўслых вяшчуе,—

Язэп узяў ламанку

І недзе з ёй палюе...

 

— Капцы! Адпаляваўся! —

Зноў Ганна — у запале.—

Ён за свіннёй ганяўся

Са Сцёпкам — і прапалі!

 

Свіння ж каня прывезла,

Як пан той на саломе...

— Ах, каб ты з лытак злезла!

Хрыпіць Хаўрося ў стоме.—

 

Дык дзе нябожчык? Блудзе?!

А я ўдава? Во! Фігу!

Ні чорта з ім не будзе,

Ён чхаў на халадрыгу!

 

Ці ж першы раз прыгоды?

Якая злыдням вера?!

Не бралі іх нягоды,

Ніякая халера!

 

Прыцягнецца п’янчуга!..

А Ганна асцярожна:

— Мароз вунь, як звяруга,

Замёрзнуць спрытна можна...

 

— Маліцца буду Богу,—

Хаўрося весялее.—

Сама гукну падмогу!

Ідзі дамоў. Віднее.

 

*

А ў лесе (хто пачуе?)

Мацнее «завіруха» —

Сцяпан стралка пілуе:

— Эх, даць бы табе ў вуха!

 

Тады насупраць шыла

Уткнуў сваю ламанку.

Яна перапаліла

Усю мне вантрабянку.

 

Цяпер — каня пазбавіў.

Страляў якога хрэна?

Ды ты мяне зняславіў

Да сёмага калена!..

 

Язэп фасоніць позу

І скаліцца ў ахвоту:

— Лічы, што нас з абозу

Перавялі ў пяхоту.

 

Не псуй настрой ялінам,

Яны так смачна спалі.

Лічы, што дактары нам

Прагулку прапісалі!

 

Сцяпан сячэ паветра:

— Цябе б узяць, павесіць!

Да дому кіламетраў

Адгэтуль — больш за дзесяць!

 

Падзяка за гасцінец!

Знайшоўся надта жвавы —

Аболтус! Пехацінец

З ламачынай іржавай...

 

Язэп глытаў папрокі.

Што скажаш? Вінаваты!

А шлях ляжаў далёкі

З глухіх мясцін да хаты.

 

Ішлі, настрой псаваўся,

Не абысці дурноты.

Сцяпан штокрок пляваўся

І не спыняў бубноты:

 

— Каб толькі конь даў драла!

Сцяпан зазначыў цяжка.—

Дык разам з ім зліняла

Святы НЗ мой — пляшка!

 

Язэп усю дарогу

Маўчаў і раптам гыркнуў:

— Ты лепш маліся Богу

Пра нашу пасажырку!

 

Дурыдла як саскоча,

Во будзе! Чэсць па чэсці!

Сцяпан зубмі скрыгоча:

— Няхай! Ты ж будзеш несці!..

 

Ішлі па следзе саняў,

Не легчы ж на дарозе.

Язэп прызнаў: — Сцяпане!

Лягчэй было ў абозе!

 

*

Хаўрося разважае:

— Зімой блукаць — не гульні!

Мо Ганна не пужае?

Мо дзе скарчэлі дурні?

 

П’яныя кувыркнуцца

Хутчэй, чым конь раскуты.

Не-е, трэба апрануцца

І бегчы да Дануты.

 

Данута ж астудзіла

Хаўросеў жар заспана:

— А як жа твой цудзіла

Спаткаў майго Сцяпана?

 

Не можа быць такога!

Мой на кані ў раёне!..

Хаўрося пэўніць строга:

— Бажуся на іконе!

 

Хай на язык мне скула,

Калі ён з праўды збочыў!

Сама ад Ганны чула,

Што конь адзін прыкрочыў.

 

— Адзін?! — Данута ўстала.

А дзе ж Сцяпан, Хаўроня?..

— Ды Ганна ўсё змяшала:

І нейкую пагоню,

 

І ў вуха страляніну,

І ў лесе паляванне,

І на стале дзічыну,

І зноўку даганянне.

 

Цяпер усё знайшлося —

Конь, сані, парсючына.

Разблытаць засталося,

Дзе твой і мой мужчыны?

 

Данута застагнала:

— Жыццё — гарох з капустай,

Туману ў ім нямала...

Ах, каб было ім пуста!

 

— Так... Лёс у нас туманны,

Хаўрося да парога.—

Хутчэй пайшлі да Ганны,

Людзей гукнём, падмогу...

 

І вось, нібыта ўранку,

Хоць ноч, усе не спалі

Праз навіну-маланку:

Язэп, Сцяпан прапалі!

 

На Ганніным падворку —

Нібыта імяніны,

І пальца не уторкнуць

Ад цеснай штурханіны.

 

А Ганна — ў самай гушчы.

Гудуць аднавяскоўцы:

— Давай, старая, лушчы

Распавядання слоўцы!

 

Ды коратка, без мухаў!

(Ківала моўчкі Ганна.)

Каб кожны цябе слухаў,

Як дыктара з экрана!

 

Старая ацаніла

Свой шанц — пасаг свой новы:

— Ці ж я калі маніла?!

Ды я вам — у тры словы!

 

Яны былі пры шыле,

Вунь там свінню валялі,

Вяроўкаю душылі,

Затым з ружжа стралялі.

 

Свіння імгненна знікла

І ў лесе начавала,

А я ажно асіпла,

Галосячы без сала.

 

Ці ж гэта не прычына

Клясці мне балаболак?

Ды шчасце, што дзічына

Заскочыла ў кубёлак...

 

— Ой, Божа! Во галосіць!

Куды цябе папёрла? —

Аднавяскоўе просіць:

— Ды прытрымай ты горла!

 

Бліжэй да справы Ганна!

Не трэба ў лес, па дровы!..

Старая паслухмяна:

— Ды я вам — у тры словы!

 

Дык вось — ад першай свінкі

Не сала — дубавіна.

Цвярдзей сухой скарынкі,

Не жвецца, свалачына.

 

А дурні два рагочуць —

Было гэта заўчора.

А сёння, сярод ночы,

Зноў прыплялося гора.

 

Загрукацелі ў дзверы:

«Прывезлі скабкі з лоем!..»

Во чортавы халеры —

Ледзь выпхнула іх з боем.

 

А дым у хату валіць,

Запнула комін сажа...

— Ды хопіць нас мачаліць! —

Са злосцю хтосьці кажа.

 

Не ведаеш? І досыць!

Навошта нам прамовы?

А Ганна зноў галосіць:

— Ды я вам — у тры словы!

 

— Ні слова! Дапякла ты!

Нервуеш! — кажам шчыра!

Знайшоўся памагаты! —

Пачулі брыгадзіра.

 

Ён скінуў баек чары

І збэсціў Ганны славу:

— Чым слухаць тары-бары,

Накінемся на справу!

 

Перш-наперш неабходна

Хутчэй каня запрэгчы

І спрытна, ўсенародна

Шукаць прапалых бегчы.

 

З натоўпу хтосьці раіць:

— Паразважаем трошкі:

Хай той, хто здольнасць мае,

Бярэ, габлюе дошкі.

 

Бо дзве труны — галоўны

Нябожчыкам стасунак.

І ўручым ім шыкоўны

Ад вёскі падарунак!

 

Знайшоўся і прагматык:

— Час думаць пра патэльню!

Свіння — ўсяму пачатак,

Жалобе і вяселлю.

 

Я — ля свінні галоўны,

Смалю і разбіраю,

Бо рот мой слінак поўны,

Глынуць хачу — згараю!

 

Вяскоўцы без ваганняў

На справу падналеглі —

Свінню сцягнулі з саняў

І ў іх каня запрэглі.

 

*

Язэпа і Сцяпана

Нібыта закілзалі —

Паўзлі кульгава-п’яна,

Бо ногі пазразалі.

 

Знямоглыя мужчыны

Ішлі дамоў упарта —

Перагарэлі кпіны,

Перавяліся жарты.

 

Ішлі, ў вушах звінела,

Бяссонне грызла, стома.

Вакол паціху днела,

А значыць — хутка дома.

 

І вось, здаецца, кропка —

Прыйшлі! Святлеюць твары.

— Ой, глянь! А што там, Сцёпка?

Людзей, як на базары!

 

Спынілася кульганне

Знямоглых на хвілінку:

— Хана, напэўна, Ганне!

— Няўжо сыграла ў скрынку?

 

— Шкада! Адвекавала! —

Сказаў Сцяпан самлела.—

Ад радасці сканала,

Калі свінню сустрэла...

 

Язэп радзіў пытанне,

Хоць вусны сцяла стома:

— Пра свінчына вяртанне

Адкуль табе вядома?

 

— Дык вунь жа конь і сані!

Сцяпан вастрэй за шыла.—

На іх і наша пані

Да Ганны падкаціла!

 

Сцяпан зірнуў запальна:

— Пляцём, брат, тралі-валі;

Каня мы спецыяльна

Адкамандзіравалі!

 

Кажы, што ногі грэлі,

Мані, тумань галовы.

Як быццам мы хацелі

Прыйсці за стол гатовы.

 

Тым часам сход вясковы

Астыў ад перасудаў,

Скрануцца быў гатовы,

Ды ўбачыў двух прыблудаў.

 

Тут жарты пачаліся,

Ляцелі крыкі, кпіны:

— Нябожчыкі знайшліся!

— Ламайце дамавіны!..

 

Крычалі ўсе адчайна,

Сяброў апанавалі.

Сцяпан сказаў нядбайна:

— Вось... Як і планавалі!

 

А ты, Язэп, баяўся,

Дрыжаў, як дым на кноце —

І конь не заплытаўся,

Вунь і свіння ў рабоце.

 

Цяпер мы, як блізняты,

За стол, бо нам — пашана!

Язэп прысеў на пяты:

— Глянь! Вось жывая Ганна!

 

Дае старая здачу,

Сябрам у косці валіць:

— А вы мяне, я бачу,

Жывую пахавалі!

 

Жывая я! Жывая!

Бог на руках трымае!

Ды Ганна, хоць храмая,

А вас перакульгае!..

 

Старую астудзілі

Пытаннямі вяскоўцы:

— Хай скажуць, дзе блудзілі

Цяляткі на вяроўцы?!

 

Наплесці можна многа,

Панавыдумваць штукі!

Пабойцеся вы Бога,

Прызнайцеся, манюкі!

 

Ніхто вам тут не верыць!

Што?! Скіслі ў пупавіне?

Не хочуць з вамі хеўрыць

Ні коні і ні свінні!

 

Бягуць ад вас з прыскокам,

Стрынаткай па паркане!..—

Сцяпан жа сквапным вокам

Скасурыўся на сані.

 

Затым — да меха з хлебам,

Сагнуўся ў выкрунтасе:

— Язэп! Здуплеціць трэба!

Абмацаў! Ёсць! Знайшлася!

 

Ад нас хацела збегчы?!.

Тут жончын рот раскрыўся:

— Каб мне касцьмі тут легчы,

Калі ты не злавіўся!

 

Ты ж нават і спрасонку

Свет прадасі за бражку.

Каня ты кінеш, жонку,

А не з гарэлкай пляшку!

 

Язэп адчуў патрэбу

За сябра заступіцца,

Бо не дадуць і хлеба,

Не тое, што — напіцца.

 

— Ды хопіць мудрагеліць!

Адлезце ад Сцяпанкі!

Абрус хай Ганна сцеліць

І расстаўляе шклянкі!..

 

Ад гэтых слоў адчулі

У кожным роце сліны

І дружна павярнулі

Мазгі да свежаніны.

 

— Хутчэй за стол!

— Да сала!

— Да бульбы!

— Да капусты!

— Дзе наша не прапала!

— Сеў тонкі — ўстану тлусты!..

 

Ляцела пераклічка —

Дзе спрытнасць узялася!

Гарэлка, як вадзічка,

Па шклянках палілася.

 

І Ганна не гвалтуе —

Даволі быць няшчаснай!

Зноў свежыной частуе,

Цяпер ужо — уласнай.

 

Частуе, лашчыць міла:

— Бярыце скабкі, сала!

А я ж яе карміла,

А я ж ёй падсцілала.

 

Вось мясца! Вунь пячонка!

Эх, каб была мучыца,

Ці ж сальца было б тонкім?

Ці ж гэткай паляндвіца?..

 

— Ды дзякуй, Ганна! Смачна!

Гасцё загаманіла.—

Бач? Вёска ўся удзячна!

Усім ты дагадзіла!

 

— А мы?! А нам падзяку?! —

Язэп сячэ з размаху.—

Без нас не толькі смаку,

Не чулі б вы і паху!..

 

Але Язэпа словы

Глынула шматгалоссе.

Галёкалі, як совы,

Спявалі — што прыйшлося:

 

«Свежына, свежына,

Свежаняціна!

Кожна дзень на стале

Парасяціна!

 

Свежына, свежына,

Ой, духмяная!

Каўбаса, каўбаса

Пальцам пханая!

 

Смаката на губе —

Дзякуй, Ганначка!

Дзве свінні у цябе,

Ты, як панначка...»

 

Гуло застолле, пела,

Зноў Ганне ў рукі карты!

Ужо і звечарэла...

Што ж, свежына — не жарты.

 

Вось і канец прыстойны

Прыгодаў — як ні дзіва.

І на душы спакойна,

Калі фінал шчаслівы.

 

Хаўрося і Данута,

Язэп, Сцяпан, вяскоўцы

Пра «свежыну з салютам»

Даўно маўчаць — ні слоўца.

 

Бывай, час горка-смешны,

Намуліўшы ўсім вушы,

Вярнуўся лад няспешны

У вёску і у душы.

 

Нягледзячы на гэта,

Жыццё ўсё ж дні лістала.

Зіма мінула, лета,

І зноў зіма настала.

 

Аднойчы нечакана

(Паверыць немагчыма)

Язэп сустрэў Сцяпана —

І стральба за плячыма.

 

— Сцяпан! Вачам не веру!

Куды?

— Ды млосна ў хаце...

— А стрэльба на халеру?

 

Мані, ды ведай меру!

— Язэпка... ўліп я, браце...

Свінню страляў Аўдоцці,

Як ты калісьці, ў вуха...

 

— І што? Зноў дзірка ў плоце?

— Так, збегла ў лес, псяюха.

Язэп, вазьмі й ты зброю —

Выпадак, бачыш, важкі,

 

Мы ў два ружжы з табою

Улупім без прамашкі.

— Так, Сцёпачка, мы крочым,

А ліха хутка едзе...

 

Сябры насустрач ночы

Нырнулі ў лес па следзе.

Як і калісьці, сёння

Лес белы — злева, справа...

Чым скончыцца пагоня

На гэты раз?

Цікава!

1994


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.