epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Світанак і вечар

Дождж сыпануў знянацку, таму Любе і Валі, дзвюм сяброўкам, нічога не заставалася, як забегчы пад ратавальны дэкаратыўны дах аўтобуснага прыпынку. Горад — не чыстае поле, дзе безгаловіца змочыць чалавека да апошняй ніткі. У горадзе, як у той байцы, што ні крок — то і стол, і дом.

Сяброўкі, схаваўшыся ад дажджу, не звярталі на яго ўвагі і зусім не сумавалі, бо былі захоплены сваёй гаворкай.

— Дык вось, ён мне кажа,— горача працягвала Люба: «У вас, краля, така-а-ая апетытная хада, як у Клаўдзіі Шыфер!» А я азіраюся і...

— Ты ж памятаеш, як да мяне падкаціў на тачцы з музыкай той чувак! — не стрымалася Валя.— Ой, Любуня, што ў нас далей будзе, не ведаю!..

— Дык вось, Валь, ён мне гэтак кажа, а я на шпільках ды пасля цырульні... Карацей, слова за слова...

— Я цяпер без кефіру ці кіслага малака гіну... Асабліва на ноч... Што б ні з’ела — страўнік не працуе... Быццам камення поўны жывот. О-хо-хо...— пачулася за спіной у дзяўчат.

— А я, дурная, з’ела агурок, а якія ў мяне зубы! Адлежала ў бальніцы тыдзень. Чысцілі мяне ды прамывалі...

Маладыя сяброўкі здзіўлена азірнуліся: тут, на гэтым прыпынку, сядзелі дзве старыя жанчыны, якіх яны спачатку не заўважылі. Але і цяпер, заўважыўшы іх, дзяўчаты не кінулі сваё:

— Мы з ім на тачцы з форсам падкацілі на дыскатэку! Я тырчу, мяне распірае ад гонару, а ён дастае «Мальбара»...

Люба згарае ад сваіх пачуццяў:

— Учора ён першы раз мяне пацалаваў! І сёння галава кругам ідзе! А ведаеш, якія словы казаў ён мне?..

— Думаеш, чаму я з кіёчкам? — зноў пачулася з лаўкі.— Каленяў ні сагнуць, ні разагнуць. Доктар сказаў, што адслужылі сваё нейкія храсточкі ў суставах і костка аб костку трэцца...

— А я ж гляджу на цябе, як праз туман. Вочы аслаблі настолькі, што акуляраў падабраць не магу...

Дзяўчаты азірнуліся зноў, але ўжо не здзіўлена, а сярдзіта. Іх погляды крычалі: «Няўжо пра такое цікава гаварыць?!»

Але дождж усё ішоў, і маладыя не пераставалі шчабятаць:

— А скажы, як ласіны страйняць ногі!

— Што ты! Трэба пад колер ласінаў падбіраць і колер ценяў, і губы падфарбоўваць адпаведна. Хлопцы на такую гармонію клююць з разгону!

— Ой, Любка! У мяне касета ёсць, не адарвешся ад відзіка! Ён — у пасцелі, яна стаіць перад трумо прычэсваецца, а потым...

З лаўкі пачулася:

— Я дык, калі ломіць сярэдзіну, прыкладаю свежую мачу, бо аптэчнае націранне толькі смярдзіць і паліць скуру...

Дзяўчаты нервова бліснулі вачыма ў бок лаўкі і, не зважаючы на дождж, пабеглі шукаць іншага прытулку, перакідваючыся на бягу:

— Якія пустыя старыя!

— І не кажы!

Жанчыны дакорліва паківалі галовамі ўслед маладым сяброўкам:

— Якія пустыя размовы ў моладзі!

— І не кажы!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.