epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Свой авёс

Я не раз у свет выходзіў з хаты,

Ў свет палацаў і крыклівых мод.

Я — ад плуга, ад каня — араты,

Я — каго наскрозь адзначыў пот.

 

Мне тады здавалася, што недзе,

Новы, лепшы, свой сустрэну лёс.

Кажуць жа, і конь шыбчэй паедзе,

Калі, замест сечкі, даць авёс.

 

Мне бацькі: — Нідзе, сынок, не баўся,

Не цурайся родных берагоў.

Ў свет выходзіў я і зноў вяртаўся,

Зноў вяртаўся і выходзіў зноў.

 

Нёс мяне «ад сечкі» лёсу вецер,

І, магчыма б, аж да сёння нёс,

Каб не зразумеў у тлустым свеце —

Трэба сеяць свой і жаць «авёс».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.