epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Шык і пшык

Ігнат Шворань раптам здзівіў аднавяскоўцаў — купіў сабе машыну нейкай мудрагелістай, як сам казаў, канфігурацыі.

Гонару таго, форсу — па вушы, а пахвальбы — вышэй галавы. Толькі і гаворкі было ў вёсцы — пра Ігнатаву чатырохколку.

За гэтай гаворкай адных і фанабэрыстасцю другіх амаль ніхто не заўважыў, што сусед Швораня, Васіль Супоньчык, купіў сабе каня. Ды і як можна было заўважыць гэткую, у параўнанні з машынай, дробязь?

Усаджваў Ігнат у машыну побач з сабой жонку і, калі па патрэбе, а часцей — без патрэбы, насіўся па вёсцы, уздымаючы пыл і смуродзячы выхлапным чадам.

Васіль, бывала, вязе нейкае паленне ці гной на калёсах, нокае на каня, а Шворань тым часам абганяе яго, вытыркае галаву, апусціўшы бакавое шкло, і крычыць:

— У мяне — шык, а ў цябе — пшык!

І далей цісне на газ, ажно жвір з-пад колаў выстрэльвае, як карцеч.

Аднаго разу Супоньчык ехаў паволі на падводзе, а гняды захацеў па малой патрэбе. Коні, як вядома, гэтую патрэбу спраўляюць толькі стоячы, таму Васіль, карыстаючыся прыпынкам, прыкурыў цыгарэту і чакаў.

Гэтым часам зноў міма яго пёрся на сваёй машыне Шворань, які і на гэты раз кінуў праз акно:

— Што, конь рассупоніўся?

Але дарэмна кажуць, што Бог дзеліць не роўна! Бываюць перахілы ды недамеры, але ў канчатковым выніку раўнавага, зноў жа дзякуючы Богу, усталёўваецца.

Запрог на нейкае свята Васіль свайго паслухмянага коніка, накрыў на калёсах сена прыгожай саматканай посцілкай і, утульна ўладкаваўшыся з жонкай, цмокнуў на каня і пакаціў на святочны кірмаш у другую вёску. Тая вёска знаходзілася не дужа далёка, але дарога да яе была неважнецкая. А пасля начнога дожджыку дык і зусім яна раскісла.

Едуць Супоньчык з жонкай на падводзе, залюбоўваюць вочы навакольнай прыгажосцю, святочны настрой — з імі, на гэтай жа падводзе, і раптам — тпр-р-р!

Спыніўся паслухмяны конік, злез з падводы Супоньчык, пытаецца:

— Што, Ігнат, падпіхнуць цябе, ці што?

Хацеў Васіль з’едліва дадаць: «Мой жа конь ужо засупоніўся!», але падкусы ды колкасці недарэчы, калі суседу не да жартаў.

Шворань зачырванеўся:

— Не, браток, тут не падпіхнеш. Трэба трактар, бо машына села на «пуза».

— А можа б, канём цягануць? — зноў пытаецца Васіль.

— Конь у цябе добры,— яшчэ больш бянтэжыцца Ігнат,— але ж і яго не варта дарэмна тузаць... Патрэбна тэхніка.

— Ну, я хацеў як лепей! — разводзіць рукамі Васіль.— Тады прабач, мы будзем кратацца далей, на кірмаш.

Шворань падышоў да падводы, на якой паняй сядзела Супоньчыкава жонка, і ціха кажа:

— І мы ж туды кіраваліся... Можа б, вы, суседзі, маю жонку давезлі да кірмашу, а я тым часам буду шукаць трактара?..

— Чаму ж не! — пасунулася бліжэй да драбінкі Васілёва жонка.— Месца хопіць!..

Другі раз, пэўна, для той жа жыццёвай раўнавагі, Бог прымусіў Швораня зноў звярнуцца да Васіля:

— Васіль, браток, можа б, даў каня бульбу абараць...

Супоньчык толькі раскрыў рот, каб выказаць згоду, як Шворань хуценька дадаў:

— Ты прабач за шык і пшык!

— А я нічога не чуў,— хлусіць Васіль,— ні шыку, ні пшыку...

— А па-другое,— працягваў Ігнат,— можа, вас з жонкай куды падвезці па справе ці так пакатаць, дык я гэта без ніякіх там алегорый...

— Бульбу аборвай,— адказаў Васіль,— а катацца ўпустую патрэбы ў бліжэйшай перспектыве не прадбачыцца.

Але Васіль памыліўся, бо неўзабаве вострая патрэба прымусіла яго бегчы ноччу да Швораня і грукаць у акно:

— Братка Ігнатка! Завядзі сваё тачыла — жонка радзіць надумалася!

І памчалася Ігнатава чатырохколка з Васілёвай жонкай у бальніцу, толькі святло фараў рэзала цемру, як нажамі, толькі жвір выстрэльваў з-пад колаў, як карцеч...

І гэтай жа ноччу сталася ў згаданай вёсцы больш на аднаго жыхара.

І дадала гэтая ноч разумення: і без машыны — нікуды, і без каня — хоць прападзі!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.