epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сыр-бор

Сяброўкі, пасля ўсіх навін

Звялі гаворку неўпрыкметку

На тую, хто ім — «першы блін» —

На ненавісную суседку.

 

— Яна — фігураю радня

Вось гэтай во, усохлай жэрдцы.

— Яна, як каша-размазня —

Ні табе ў роце, ні ў талерцы.

 

— Ты глянь на рот крывы яе,

На выгнутасць буслінай шыі.

— Яна ж гавора, як ліе

Не словы ў вушы, а памыі.

 

— Мо грэх, я ёй услед плюю,

Няма хаўрусу паміж намі.

— Я з ёй вітаюся, стаю,

Але — іголкі пад нагамі.

 

— Брыда, бадай яе ваўкі,

Пустышка, дзірка абаранкі.

— Але ж за ёю мужыкі,

Нібы каты да валяр’янкі.

 

— І што яны знайшлі ў ёй?

За ёй, як цень, як на вяроўцы.

— Аж злосць грызе, бо мы з табой

Нібыта лялькі на паштоўцы.

 

— Вось нам мужчыны — ўвагі нуль,

А перад ёй глытаюць слінкі...

А-а, зразумела мне, адкуль

Сыр-бор.

Зайздросціце, жанчынкі.

 

Й мае сляды вас абмінуць.

Вас бачу — «у руцэ сініцу».

Хачу на «жураўля» зірнуць —

На тую жэрдку-таямніцу.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.