epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Табліца жыцця

Было няшчасце, было і шчасце —

Ладкую-праўлю жыцця паліцу,

Хачу дакладна гады раскласці,

Як Мендзялееў сваю табліцу.

 

Жыццё — не аркуш паперы чысты,

На ім блакітнасць і побач хмары,

Два «я» мае тут — антаганісты,

І вочы ў вочы: кат і ахвяра.

 

На ім шчыруе ружовы ранак

І памірае тут вечар золкі.

І аб зямлю тут грудзьмі падранак,

На радасць сквапнай нечай двухстволкі.

 

Жыцця паліца, жыцця табліца —

Ды не заўсёды цвярозы розум.

О, як складана не памыліцца,

Яшчэ складаней — пражыць цвяроза.

 

Штодзень куляеш памылак чарку,

І з гэтай чаркай ідзеш па лёсе...

Зусім нядаўна быў чысты аркуш,

Для кропкі месца і засталося.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.