epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Тады й цяпер

Жыццё — імклівы рух,

Імчыць туды-сюды,

Ледзь пераводзіш дух.

І кожны дзень,

І кожны год —

Цэйтнот.

Жыццё — адныя гонкі,

То — да дзяўчыны спешна,

То — ад жонкі.

Затым...

«На лева» зноўку,

То на сяброўскую тусоўку.

Бывае, там нап’ешся,

Як свінчо.

Зноў — па замкнёным коле,

Язык паклаўшы на плячо,

Шукаем ветру ў полі.

А ў старасці пакуціць нас

Патрачаны дарэмна час.

 

*

 

Цяпер «спяшаемся» —

Нага цераз нагу,

Да доктара,

Заняць раней чаргу.

Даўно асвоілі

Сваю мы Меку —

Ледзь ногі цягнем

(Не да дзевак, не ад жонкі)

У аптэку

Ужо сляза з вачэй цячэ

І ціск адолеў,

А яшчэ,

Сярэдзіну нібы сабакі рвуць,

Пад лыжачкай пячэ.

І шмат, і шмат, і шмат яшчэ чаго —

Такое скруціць хоць каго.

І, азірнуўшыся назад,

Сваёй не праклінаю долі,

Бо ў маладосці бегаў шмат

А трэба было — болей.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.