epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Таямніца, навізна

Ад усіх па нітцы — і кашуля будзе,

І табе за гэта дзякуй, шчодры свет.

А калі па слову гаваркія людзі

Ад душы падораць — вось вам і паэт.

 

Словы — не забава, прымаўкі — не жарты,

Да учынку ўчынак — вось ланцуг падзей.

Што бы мог зрабіць я і чаго б быў варты,

Каб я жыў асобна, не сярод людзей.

 

Дзякуючы людзям, назіранню, мове,

У душы натхненню лёгка прарасці.

Так вось ажывае ў паэтычным слове

Бачанае колісь, чутае ў жыцці.

 

Лепшага сабе не пажадаю лёсу,

Колькі таямніцы ў ім і навізны!

Я перад людзьмі не задзіраю носу —

Мне падаравалі талент свой яны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.