epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Таямніцы сакрэт

Дзеду й бабе не спіцца,

прыселі на лаўцы ля хаты,

Зверху месяц, як човен,

які ў цёмным небе плыве.

Цішыня і спакой —

нібы вушы закладзены ватай,

Толькі думкі-ўспаміны

віруюць у іх ў галаве.

 

Сярод гэтай чароўнай,

прыцішанай цемраю тайны,

Чуцен голас старой,

нараджаючы словы наўздых:

— Глянь на месяц, стары,

ён нібыта пастух той нядбайны,

Што на пашы нябеснай

распусціў статак зорак сваіх.

 

Дзед уверх паглядзеў,

і на бабу зірнуў запытальна:

— Ты убачыла зоркі,

а між імі пастух залаты.

Неба — дзіўны сусвет,

неба — гэта вялікая тайна,

Я там бачу другое,

чым зараз убачыла ты.

 

Неба зорнае — дах,

А пад сонцам, ён дах гэты, новы,

І пад ім мы жывём,

як і продкі прайшлі праз вякі.

Пэўна, неба даўно бы

звалілася нам на галовы,

Каб не ўбітыя Богам

пазалочаных зорак цвікі...

 

Лёс нялёгкі старых,

мусіць, ён не такі ўжо і горкі,

Калі баба і дзед

успрымаюць душой гэты свет.

Дажываючы век,

Не пад ногі глядзяць, а на зоркі,

І спрабуюць раскрыць

таямніцы далёкай сакрэт.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.