epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Таемнасць

Паэма

 

Вечар.

Надыход Купалля.

Вось і промнік

Развітальны

Саступіў дарогу

Ночы.

Цемра —

Хоць ты выкінь

Вочы,

Бо ўсё роўна,

Сам адзначыш —

Носу уласнага

Не ўбачыш.

Сёння,

Як заўжды бывала,

Адчаюгаў ёсць

Нямала,

Хто Купальскай ноччу

Ўлетку

Прагне

Папараццю-кветкай

Вырашыць

Усе пытанні

Шчасця ўласнага

Й кахання.

(Кветка тая ёсць нібыта)

Хтось у лес ішоў

Адкрыта,

Нехта ўпотай,

Каб раптоўна

Не спалохаць

Шанц цудоўны.

Ўсе шукалі з ёй

Спаткання

І блукалі

Аж да рання.

Гэтай ноччу

І Мальвіна,

Сінявокая дзяўчына,

Ў пошуках

Хімеры-шчасця

Ў цемру ночы

Падалася.

Каб з таемнасцю

Спаткацца,

Ёй жа —

Усяго сямнаццаць.

Можа, гэта

Цемра-сажа

На пытанні ўсе

Адкажа —

Дзе ён?

Хто ён?

І які?

Страшна —

Ноч на ўсе бакі

Ледзь брыдзе яна,

Не крочыць,

Толькі лапнік

Лезе ў вочы,

Ды ражны

Крывавяць цела.

Раптам —

Бура наляцела,

Толькі цемра

І гушчар,

Толькі дождж

Сячэ у твар.

Дзе дало ёй

Апынуцца?

Можа б лепш

Дамоў вярнуцца?

Толькі дзе ён,

Родны дом?

Невядомшчына кругом.

Ды і як

З начы гушчарнай

Ёй з няздзейсненаю

Марай

Павярнуць дадому?

Не!

Ў ноч яна глыбей

Нырне.

Чым святую мару

Кінуць,

Адступіўшы,

Лепш загінуць.

 

*

А тым часам,

Гушчарыны

Адбіралі у Мальвіны

Аслабелых

Сіл астатак —

Дык наўжо

Канца пачатак?

Сэрца чула —

Быць бядзе,

Крок яшчэ —

І упадзе,

І не ўстане,

І загіне

Ў непралазнай

Гушчарыне,

І патухне свет

Над ёй,

І не будзе ведаць

Той,

Невядомы,

Неспатканы,

Толькі марамі каханы

Сінявокае Мальвіны,

Той,

На ўсё жыццё

Адзіны.

Тут маланка

Сярод ночы

Асвятліла лёс

Дзявочы,

І ў дзяўчыну,

Дзе стаяла,

Скіравала

Сваё джала,

Каб бясслаўна

Ёй не даць

Сярод ночы паміраць.

І вясёлкава-нявінна

Ўспыхнула агнём

Мальвіна,

А на месцы,

Дзе была,

Дзіўна кветка зацвіла

Як пацверджанне

Ўсім чарам,

Як даніна

Светлым марам,

Нібы вынік

Ўсіх шуканняў

Неўміручага кахання.

Гэтай ноччу

Бог быў сведка —

Ёсць яна,

Такая кветка!

Ёсць такая мара,

Мэта!

Верыць толькі трэба ў гэта.

 

*

Маці, плачачы,

Асіпла —

Ў лесе дзесь

Дачушка знікла.

Бацька —

Цыгарэтай чадзеў,

Днямі з лесу

Не вылазіў.

Памагатых шмат было,

Але вынік,

Як на зло —

Ні удачы,

Ні слядочка...

Дзень за днём,

За ноччу ночка,

Не прыселі на хвіліну —

Так і не знайшлі

Мальвіну.

 

*

Год мінуў,

Нібы хвіліна.

Сінявокая ж

Мальвіна,

Ператвораная ў кветку,

Зноў

Купальскай ноччу

Ўлетку,

За шмат вёрстаў

Ад жытла

Ў цёмным лесе

Расцвіла.

Лёс скруціўся

Нечакана —

Ёй было наканавана

Дзіўнай кветкай

Ўваскрасаць,

А затым —

На год згасаць.

Вельмі страшная ахвяра.

Але вось —

Праменіць мара!

Кветка ёсць!

Жыве яна!..

Праўда ёй —

Жыццё цана.

 

*

«Дык няўжо

Загінуць дзесь

Ёй дало?» —

Шаптаў Алесь.—

Ён з Мальвінай

З адной вёскі,

Адной кветачкі

Пялёсткі

Адны мары ў галаве,

Ў адным небе

Зоркі дзве.

І цяпер ужо Алеся

Дзве чакалі

Мэты ў лесе:

Ён рашыў —

Няхай загіну

Але зніклую

Мальвіну,

Калі трапіла ў бяду,

Ў небе,

Пад зямлёй знайду.

Так ён

Сам сабе прарочыў...

А яшчэ —

Купальскай ноччу

Марыў —

Хоць сто вёрст

Прайду,

Кветку дзіўную

Знайду!

І з намерамі такімі,

Абадзейваемы імі,

Пераўсхваляваны ўвесь,

Ў цемру

Даў нырца Алесь.

 

*

Многіх здзівіць

Сказ мой гэткі:

Ёсць душа

У кожнай кветкі

І ў задумлівых бароў,

І у птушак, і ў звяроў,

І ў вады,

І у зямлі —

Толькі б мы

З душой былі,

Бо, хто лёс свой

Абяздушыў,

Не пачуе іншых душаў...

І Мальвіна,

Хоць змяніла

Выгляд свой

І расцвіла,

Адчуваць і чуць магла.

І каб зноў

Дзяўчынай стала,

(Ёй зямелька падказала)

Адзін сродак існуе —

Трэба, каб

Знайшоў яе

Той, хто кветку

Не загубіць,

Не сарве,

А прыгалубіць

І да сэрца прыхіне,

Як дзяўчыну па вясне.

Гэта ведала Мальвіна,

І ў душы

Не беспрычынна

Нікла,

Нібы свечка тая —

Хто яе тут адшукае?

Ды і хутка

Сонца ўсход,

Значыць зноў

На цэлы год —

Сон нябачны,

Развітальны

Да наступнага Купалля.

 

*

Раптам —

Нейкі шум здаля,

І пачуўся

Трэск галля,

А затым (з плячэй гара),

Выйшаў хлопец

З гушчара,

Змогся,

Ў вопратцы падранай

І застыў зачараваны —

Век стаяў,

Здаецца б гэтак:

— Ай ды кветка!

Кветка кветак!

Па-над кветкамі

Царыца!

Можа гэта дзіва

Сніцца?

Век не бачыў,

Сколь жыву!

Раптам кінуўся:

— Сарву!

За блуканні ўсе,

За стому,

Прынясу яе дадому

Ўсіх здзіўлю —

Адкінуць кпіны...

Эх, шкада —

Няма Мальвіны,

Я б ёй кветачку

Прынёс,

Першай

Падарыў дзівос.

Я адкрыў бы

Сэрца ёй,

Папрасіў бы —

Будзь маёй!

Будзь маёю,

А іначай...

Тут Алесь

Рукой гарачай

Ухапіўся за сцябліну.

Кветку жах праняў —

Загіну,

Неразгаданая я,

Вось дзе

Смертачка мая.

Але нейкіх чараў

Сіла

Хлопцаву руку

Спыніла.

Ён усклікнуў:

— Што ж раблю я!

Хай жыве!

Няхай чаруе

Гэту ноч і свет увесь!

І расчулены Алесь

Пасля ўсіх

Начных падзей,

Прыціскае да грудзей,

Як каханую

Малодку,

Незвычайную знаходку,

Ўклаўшы ў гэта

Далікатнасць.

— Ты жыві сабе

На радасць!

Ты квітней сабе

Да рання!

Толькі выканай

Жаданне

І цябе я тут

Пакіну:

Памажы знайсці

Мальвіну.

Дзесь яна прапала

Ў лесе,

Без яе не жыць

Алесю.

І раптоўна адчувае,

Што не кветку

Абдымае

А дзяўчыну —

Ды каго!

Тую, што шукаў.

Ого!

Што глынула

Ноч глухая,

Тую, што даўно

Кахае!

Мальва ж,

Пасля ўсіх напасцяў,

Кажа:

— Я шукала шчасце

Ў чыстым полі,

Ў цёмным лесе,

Шчасце ж побач —

Ты, Алесік!

Здужаўшы выпрабаванні,

Мы знайшлі

Сваё каханне.

 

*

Ў свята

Моладзь ладзіць гулі.

Пэўна, многія

Не чулі

Пра Мальвіну,

Пра Алеся

І блукаюць

Ноччу ў лесе.

Хай Купальскай ноччу

Ўлетку,

Кожны знойдзе

Сваю кветку.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.