epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Тайна

Якую тайну тайн

чалавецтва не раскрыла?

І не раскрые, ні яно,

на жаль, ні кожны з нас.

Чаму вялікі цуд —

жыццё становіцца нямілым,

І нават невыносным

некаму праз час?

 

Няўжо жыццё ў тупік

вялі гады-манюкі?

Жыў чалавек сабе,

бяды не прадчуваў.

І раптам на сябе

накладваюцца рукі

Тым, хто сваё жыццё

надоўга планаваў.

 

Адзін трагічны міг —

яго бы перабораць,

Яго бы перажыць,

прайсці праз сэрца крык.

І можна жыць далей,

і зноў гады адораць

Надзеямі на лепшае —

і абмінуць тупік.

 

О гэты страшны міг,

трагічны і няшчасны

Забраўшы столькі душ

у царства небыцця.

Што прымушае іх

пайсці з жыцця заўчасна?

У іх не запытаць,

яны сабе суддзя.

 

Шмат тлумачэнняў ёсць:

псіхалагічны крызіс,

Параненасць душы

ці злосць на ўся і ўсіх...

У самагубства ёсць,

на жаль свой катэхізіс,

І тайны, й тупікі —

не разгадаць нам іх.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.