epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Так бы заўсёды!

Прыгожы быў і малады,

Быў апяшчоцены вясною.

І легкадумныя гады

Не разміналіся са мною.

 

Мы — ўперад, мы — ў руцэ рука,

Мы — ў авантуры, мы — ў прыгоды.

Так лоб шукае гузака —

Эх, так бы віраваць заўсёды!

 

Сколь ні шыкуй, мінае шык,

Як дзень імчыць у ноч ад ранку.

Жыццё — не вечны рухавік,

Тым болей, маладосць-маланка.

 

Прыгожы быў і малады,

І захмялелы ад штодзёння.

Я быў фантанам мар тады,

Ды страціў моц фантан мой сёння.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.