epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Такі мой сад

Я на сядзібе, замест яблынь,

Бярозак насадзіў.

Мяне на смех: — Якога д’ябла?

Ну ты і адцудзіў!

 

Ды ты ж Ранэт з Антонам крыўдзіш

Сваім ражоннем — псіх!

Каго ты ў лесе лесам здзівіш?

Ды выкарчуй ты іх!

 

І смех, і грэх у іх парадзе,

Лжэпрагматызму — воз.

Я й яблынькам дам росту ў садзе,

Але — пасля бяроз.

 

Бярозка, як ніхто, прывеціць,

Пяшчотай ахіне.

Бярозы бель душу мне светліць

І маладзіць мяне.

 

Ледзь-ледзь усход пасалавелы

Зяхнуў — і спіць зямля,

А мой садок дзівосна-белы

Усім відаць здаля.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.