epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Такі падмурак...

Адвеку чалавецтва ў часе блудзе,

То ўскрыліцца, то страчвае крыло.

Як цяжка разабрацца ў тым, што будзе,

Не зразумеўшы толкам, што было.

 

Гісторыю не зразумець агулам,

Лістаць старонкі трэба пакрысе.

Ўся будучыня тоіцца ў мінулым,

Там поспехі і там памылкі ўсе.

 

Памерлых процьма там, ды больш забітых,

Прыгнечаных — зноў не злічыць, на жаль.

Галодных безліч там і жменька сытых,

Бяспраўных там было... Усе амаль.

 

У тым «было», каб неяк выжыць, людзі

Аплочвалі штодзень жыццём сваім...

Такі падмурак вось пад тым, «што будзе» —

Ці ж будучыня устаіць на ім?

 

Не абмінуць, на жаль, ёй штучнай ночы,

Глыне напой сваіх памылак зноў,

Зноў чалавецтва тупікова крочыць,

А следам крочаць — голад, сытасць, кроў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.