epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Такое доўгае жыццё

Ранюсенькім ранкам, ледзь толькі зачаўся новы дзень, на свет паявіўся маленькі блакітны матылёк.

У яго было блакітным усё — і крылцы, і вусікі, і, безумоўна, вочкі. Ён закратаў вусікамі, расправіў крылцы і першы раз у жыцці раскрыў свае блакітныя вочкі.

— Вой, якая вакол прыгажосць! — з захапленнем прашапталі яго блакітныя вусны.

Ён і не ведаў, што сапраўдная прыгажосць чакае яго наперадзе, бо сонейка толькі-толькі пачынала ўсходзіць і яго першыя промні яшчэ не паспелі пачаць працу і не разбудзілі шматлікія краскі, якія закрываюцца на ноч, хаваючы ад расы смачны пылок і салодкі нектар.

Але і без кветак, першы ў жыцці матылька ранак падаўся яму надзвычай чароўным, і ён ад захаплення не стрымаўся і замахаў блакітнымі крылцамі.

Адкуль яму было ведаць, што варта толькі ўзмахнуць крылцамі, як яны ўздымуць яго высока над зямлёй і панясуць насустрач дзівосным падзеям прыгожага і доўгага жыцця?

— Я лячу! — не мог стрымаць сваёй радасці шчаслівы матылёк.— Я лячу!

І тут першы сонечны промнік весела бліснуў у ружовай празрыстасці цёплага світанка і нечакана сутыкнуўся з блакітным матыльком, які працягваў бесклапотна махаць у паветры сваімі блакітнымі крылцамі. Заззяўшы ў святле першага промніка, матылёк заплюшчыў вочкі і ўсклікнуў:

— Які цуд! Якая пяшчота!

— Ты хто? — спытаўся здзіўлены промнік.

Матылёк расплюшчыў вочкі:

— Я — блакітны матылёк! А ты?

— А я — промнік сонца! Самы яго любімы, бо самы першы. На жаль, мы, промнікі, кожную раніцу мяняемся, таму заўтра будзе ўжо другі самы першы і самы любімы промень. Нас гэтулькі многа, што толькі раз даводзіцца быць першым і любімым сонейкавым промнем. Заўтра я буду звычайны промень.

— А куды ты так спяшаешся? — пацікавіўся блакітны матылёк, які ў святле ранішняга промня таксама крыху паружавеў.

— Я спяшаюся разбудзіць краскі, птушак, усё жывое на зямлі, ды і саму зямлю, і абвясціць надыход новага дня. Дарэчы, а чаму ты прачнуўся без майго дазволу? — пацікавіўся промнік.

Матылёк вінавата залыпаў сваімі блакітнымі вочкамі:

— Не ведаю. Я толькі-толькі нарадзіўся, і мне ніхто не сказаў, што без твайго дазволу нельга прачынацца... Даруй!

— Дык глядзі ж надалей і другі раз раней за сонейка не ўставай! А цяпер — бывай! У мяне шмат клопатаў!

Матылёк радасна крыкнуў наўздагон першаму промніку і першаму свайму сябру:

— Заўтра я буду чакаць новага промніка і без яго дазволу не прачнуся. Абяцаю!

Але матылёк не ведаў, што выканаць сваё абяцанне яму не ўдасца, бо ён быў матылёк-аднадзёнак. Але і ягоны сябар промнік ніколі не даведаецца пра гэта, бо заўтра новы першы промнік сустрэне іншага, толькі што народжанага блакітнага матылька і ўсё паўторыцца нанова.

А пакуль наш знаёмы блакітны матылёк ляцеў ужо ў сонечным святле і дзівіўся з хараства зямлі. Адчуўшы, што пачынае стамляцца, матылёк выбраў самую прыгожую краску і сеў на яе адпачыць. Але і тут яго чакала дзівоснае адкрыццё: краска была не толькі прыгожай, яна пачаставала матылька цудоўны пылком.

— Ой, як смачна! — захапляўся матылёк, глытаючы красчын пачастунак.— Ніколі ў жыцці такога не еў! — І гэта была праўда, бо ўвогуле еў ён першы раз у жыцці.

Наступная краска, на якую ён пераляцеў, падаравала яму салодкі нектар, ад якога ў матылька захапіла дух, бо ён быў яшчэ смачнейшы за пылок.

— Ах, якое цудоўнае жыццё! Як добра быць матыльком! Дзякуй, красачкі, за пачастунак! — і адпачынутыя крылцы зноў узнялі яго ў паветра.

Выказваючы падзяку краскам, матылёк і не падазраваў, што і сам зрабіў ім карысную паслугу — перанёс пылок ад адной краскі да другой і гэтым падоўжыў іх жыццё.

І тут матылёк заўважыў, што неба, якое ў першыя гадзіны яго жыцця было ружовым, непрыкметна ператварылася ў блакітнае.

— Колькі блакіту вакол нарабілі мае крылцы! — радаваўся матылёк і імкнуўся вышэй і вышэй — бліжэй да неба.

Раптам яго сэрца моцна затахкала, нешта салодка заварушылася ў яго душы — ён убачыў яшчэ аднаго, гэткага, як і сам, блакітнага матылька, які імкнуўся яму насустрач, нібы маленькі кавалачак блакітнага неба.

— Ой! — схапіўся матылёк адной ножкай за сваю галаву, а другой за трапяткое сэрца.— Ой, як усё закруцілася і кудысьці паплыло! Ой, што з маім сэрцам?

Ён раптам аслабеў, але толькі на адно імгненне, бо нейкая невядомая сіла падхапіла яго і разам з другім блакітным матыльком, закруціла ў казачным карагодзе, узняла іх абодвух высока над зямлёй і злучыла ў чароўным танцы адвечнага кахання. Але назву гэтага танца матылёк не ведаў, бо такое было першы раз у ягоным жыцці.

Нябачна хваля гарачых пачуццяў то несла двух блакітных матылькоў ледзь не да самага блакітнага неба, то імкліва апускала да самых красак на зямлі. І не існавала для іх на ўсім свеце нічога, акрамя гэтага чароўнага карагода.

Нарэшце абяссіленыя, яны селі на адну краску, заплюшчылі ў асалодзе свае вочкі, і зноў для іх нічога і нікога не існавала вакол, акрамя трапятлівага тахкання сэрцаў, якія біліся, як адно. Потым усё некуды адышло, знікла...

Лёгкі ветрык далікатна калыхнуў краску і вывеў матылькоў з чароўнага забыцця. Наш матылёк адкрыў вочкі і нікога побач з сабой не ўбачыў, быццам мінулае было цудоўным сном. Стома прайшла, але былой лёгкасці крылцы болей не адчувалі. Нават пылок падаўся менш прыемным, ды і нектар не захапляў салодкасцю, як раней.

Узмахнуўшы крылцамі, матылёк з жалем заўважыў, што блакіт неба прыцямнеў, што сонейка стомлена нахілілася да другога краю зямлі, а раскрытыя пялёсткі красак пачалі паціху рухацца насустрач адзін аднаму, быццам іх сціскала нябачная сіла.

Ды і сам блакітны матылёк усё часцей і часцей шукаў адпачынку на засынаючых красках, адчуваючы, што і ён няўмольна засынае.

— Ах, якое доўгае і цікавае жыццё! — з нейкай сумнай урачыстасцю выдыхнуў ён.— Ах, як я стаміўся...

Блакітны матылёк напружыў апошнія сілы і ўзмахнуў крылцамі, не заўважаючы, куды яны яго апошні раз нясуць.

Надышоў цёплы летні вечар. Апошні сонечны промень, апошні раз бліснуў і імкліва схаваўся за край зямлі. Блакітны матылёк цяжка апусціўся ля сцяны нейкай хаты і быў гатовы забыцца вечным сном, але раптоўна пачуў:

— Ах, як хутка праляцела жыццё... Дзевяноста гадоў праляцела, быццам я і не жыў...

Блакітны матылёк расплюшчыў свае вочкі і ўбачыў на лаўцы ля хаты састарэлага чалавека, які смактаў люльку і скардзіўся на хуткаплыннасць часу.

Блакітны матылёк, перад тым, як заснуць, успеў падумаць: «Добра, што гэты чалавек не ведае, якое доўгае жыццё было ў мяне...»



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.