epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Там шчырасці болей

Мяне, як малога бяруць за руку,

Былое за сэрца бярэ і вядзе

Па лёсе маім, па пражытым вяку,

Па ўсім, ад чаго не схавацца нідзе.

 

Па ўсім...

Пачынаючы з лютай вайны,

Праз жахі якой несла маці мяне,

Праз голад, што спраўна

прыходзіў у сны —

Няхай вас драпежнасць

тых дзён абміне.

 

Ў абдымках галечы,

пад гмахам бяды,

Я шчасцем маленства

праменіўся, рос.

І памяць ласкава вяртае туды,

Дзе першы мой крок,

дзе крынічыць мой лёс.

 

І я паслухмяна за памяццю йду

Ў былое — прабачце, сучасныя дні.

Не, я не мяняю свой час на бяду —

Там шчырасці болей,

там больш чысціні.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.