epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Тэлепатыя

Мальвіна, патаптаўшыся вакол мужа, асцярожна прамовіла:

— Хутка наш юбілей, пачамяшы патыліцу.

— Я ведаю! — бадзёра, быццам толькі і чакаў гэта пачуць, адказаў Яўхім.

— Тыдзень застаўся,— зноў асцярожна падказала гаспадыня.

— Каму ты гаворыш?! — ці то запытаўся, ці то пацвердзіў Яўхім.

— У мяне ёсць прапанова,— працягвала жонка.

— Можаш далей не казаць! — перабіў яе Яўхім.— Я падумаў і падлічыў, колькі і каго...

— Не, не тое! — удакладніла Мальвіна.— Я хацела б адзначыць юбілей удваіх — ты і я.

— Што-о-о? — скрывіў губы Яўхім.— Які ж гэта юбілей?

— Сямейны. У нейкім сэнсе, як цяпер кажуць, інтымны,— пачырванела яна.

— Можа, яшчэ скажаш, падпольны, як з’езд РСДРП?

— Дарэмна смяешся! — запэўніла Мальвіна.— Нам ёсць што ўспомніць, парадавацца, магчыма, слязу пусціць... Я цябе прашу!

Яўхім паціснуў плячыма:

— Як ведаеш. Я хацеў па-людску...

Праз тыдзень, як і належыць у такі дзень, Мальвіна накрыла стол, сама прыбралася, прыфуфырылася. Яўхім хадзіў зранку незадаволены, напружаны. Выйшаў у сад.

Нарэшце гаспадыня гукнула праз акно:

— Заходзь, даражэнькі, усё гатова!

«Даражэнькі» нервова кінуў недакураную папяросу пад агрэставы куст і нага за нагу пайшоў у хату.

— Га-а! Дык тут на цэлае вяселле...— узбадзёрыўся Яўхім, зірнуўшы на стол.

— Сядай! Сядай! — радасна запрасіла мужа Мальвіна.— Бліжэй! Насупраць мяне, вунь туды!

Яўхім падсунуў табурэтку, сеў і пацёр рукі:

— Та-а-ак! Я — гарэлачкі! А табе чаго?

— А мне крыху вішнёўкі.

Яўхім наліў жонцы ў кілішак вішнёвай настойкі.

Мальвіна падняла чарку:

— Ну, скажы што-небудзь...

— Што я буду сам сабе казаць? Ні хваліць, ні ганіць сябе не магу,— прабурчаў Яўхім.

— Тады я скажу! Добра, дрэнна, а пражылі ж трыццаць гадоў разам. Ці ж гэта жарт?

— Які тут жарт? — скрывіўся Яўхім.— Усю плеш мне праела за гэтыя гады! — а сам падумаў: «Гэта ты сёння ласкавенькая, пякучка...»

Яўхім перакуліў кілішак у рот і не паспеў глынуць, як пачуў:

— Не такая я ўжо і пякучка, як ты, пэўна, падумаў...

Яўхім папярхнуўся, гарэлка патрапіла ў нос. З вачэй пацяклі слёзы.

— Вось, як ты і хацела, я ўжо слязу пусціў,— адкашліваўся Яўхім.

— Ну,— засмяялася Мальвіна,— калі ўжо не туды папала — значыцца, будзеш сёння ці п’яны, ці драны!

Яўхім аддыхаўся:

— Не хапала мне быць сёння драным... Лепш напіцца.

Мальвіна нахілілася над сталом, падсоўваючы бліжэй да мужа салату:

— Вось салатка, закусвай!

Яе грудзі нечакана цісканулі на край талеркі, бульба з яе пакацілася па стале. Яўхім зморшчыўся і падумаў: «Грудзьмі талеркі варочае... Во ад’елася!».

— Трэба было меней карміць! — спакойна сказала Мальвіна, збіраючы са стала бульбу.

— Каго карміць? — спалохана спытаўся Яўхім, і кавалак хлеба стаў яму ўпоперак горла.— Я ж нічога не казаў!..

Мальвіна наліла мужу гарэлкі:

— Ты ж, напэўна, падумаў, што я раз’елася, што раней такая не была...

Яўхім залыпаў вачыма:

— І не думаў такое думаць! Адкуль ты ўзяла?

Мальвіна працягвала:

— А памятаеш, насядаў: еш, папраўляйся, люблю тоўстых жанчын, а ты як жэрдка... Казаў такое? Вось — што хацеў, тое і трымай!

Яўхім толькі падумаў: «Ледзь хапае рук абхапіць» і штосьці яшчэ падобнае, як Мальвіна ў адказ:

— У маім узросце, калі ў мужыка хапае рук абхапіць упоперак, значыцца, я яшчэ фігурыстая.

Яўхім ускочыў:

— На чорта такі юбілей! Да д’ябла твой інтым! Гарэлка ў рот не лезе! Людзей не пазвалі! А дзе дзеці? Чаму не прыехалі? — Схапіў чарку і кульнуў яе адным глыкам...

Калі ж праз паўгадзіны ў хату нечакана і шумна ўваліліся дзеці, а за імі пачалі збірацца суседзі, шчаслівыя Яўхім і Мальвіна селі цяпер ужо не насупраць, а побач.

І ўсё ж сапраўдную асалоду Яўхім адчуў пасля таго, як Змітракова жонка Агата, усаджваючыся, перакуліла жыватом бутэльку з гарэлкай, якая стаяла аж пасярэдзіне стала.

«О-о, дык мая Мальвіна і сапраўды яшчэ фігурыстая!» — падумаў юбіляр, пасля чаго адразу пачуў у вуху шэпт жонкі:

— Я ж табе казала, што я фігурыстая!

Яўхім схамянуўся, але не паспеў нічога падумаць, бо з усіх бакоў пачулася:

— З юбілеем! З юбілеем!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.