epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

То адгукаецца, то не

Незразумела — што за ліха?

Не дакумекаеш адразу:

Гукну — прыслухаюся... Ціха.

Ні табе гуку, ні адказу.

 

Яшчэ гукну... І раптам хутка

Хтосьці спяшаецца азвацца:

— Я тут, я побач, я блізютка!

Іду, не трэба хвалявацца!..

 

І так праз раз — то безадказна

Крычу, гукаю — аж да злосці,

То адгукаецца выразна

Адразу таямнічы хтосьці.

 

Не пуд, а з’еўшы горы солі,

Я зразумеў — і горка стала:

То ж адгукаецца нядоля,

А шчасце ў рот вады набрала.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.