epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

То бяздонне, то мелі

З узвышша фантазій

я кідаўся ўніз галавой

У плынь свайго лёсу,

не ведаючы глыбіні.

Глыбока было —

і захлёбваў мяне «вадапой»,

А мелка было —

біўся цемем у дно,

У карчы, камяні.

 

То шышкі на цеме, на лбе,

то вады повен рот,

А я ўсё даваў і даваў

з новай мары нырца.

То плыні бяздонне, то мелі —

і так без канца,

Пакуль не найшоў ратавальны,

здавалася, брод.

 

І вось я на беразе,

як рыбіна, што без вады,

Нібыта прачнуўся і ўстаў

з непатрэбнай нагі.

Амаль непрыкметна сплылі,

адбруілі гады,

Як мала жыцця захавалі

жыцця берагі.

 

Ці недзе галосяць званы,

ці ў вушах гэты звон,

Ці вецер кагось адпявае,

ці выюць ваўкі.

Таму, што было ды сплыло,

я гляджу наўздагон,

А побач — ні шчырых вачэй,

ні душы, ні рукі.

 

І холадна сэрцу да болю,

як птушцы зімой,

Ў астылых надзеях

яму не сагрэцца, на жаль.

Няўтульна на беразе мне —

асяродак не мой,

Хацеў даць нырца я,

ды плынь перасохла амаль.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.