epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

То ўверх, то ўніз

Душа чалавека —

бязмежнае мора,

Ў якое сцякаюць

прытокі падзей,

Прытокі святочнасці,

суму і гора —

Станоўчага — сола,

адмоўнага — хорам

Ад добрых людзей

і нядобрых людзей.

 

А гэта ж ліецца ў душу

і ліецца,

І перапаўняе

Душы берагі.

І здольна не ўсякае

вытрымаць сэрца,

І — рукі уверх,

то адзін, то другі.

 

О, каб гэта мора

лагодзіла з намі,

Дрымоціла ў штылі,

бы шкло на вадзе.

Дык не!

Вал эмоцый дзевяты, цунамі

Раскачваюць лёс

і не дзецца нідзе.

 

І б’юцца эмоцый

няспынныя хвалі

У наша штодзённе,

нясуць свой капрыз.

Шугае жыццё,

як шалёныя шалі —

То ўверх, то уніз,

то ўверх, то уніз.

 

І мы ад народзін

у шторме так званым,

І я з ім валтужуся,

колькі жыву.

Якім жа патрэбна быць

Загартаваным,

Каб не хістануцца,

каб быць на плаву.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.