epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Толькі не спыніся!

Я сябе,

Як пугаю каня,

(Хаця той і так імкнецца ў высі)

Штохвілінна думкаю,

Штодня,

Падганяю: — «Толькі не спыніся!

 

Толькі не сцішай

свой бег-алюр,

Час чакаць не будзе,

ён імчыцца.

Я баюся —

кожны перакур

Можа ў кропку

Пераутварыцца».

 

Я ганю каня?

Альбо мяне

Ўперад падганяюць

думкі-коні?

Час паўз нас імчыць,

Жыццё міне,

І яго, прыстаўшы,

не дагоніш.

 

Я, між незавершанасці спраў,

Шкадаваць сябе

не маю права.

Тое, што ў душу

мне Бог уклаў,

Жыць павінна,

творчасць — не забава.

 

Ў тлуме будняў

творчасці прамень

Не дае запанаваць

Адчаю.

У жыцці,

Свой кожны міг і дзень,

Ў творчасці

жыццю і прысвячаю.

 

Хоць паветра —

Менш і менш для крыл,

Час няўмольна

перашкоды чыніць.

І хоць сілы —

на зыходзе сіл,

Рух наперад

толькі смерць і спыніць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.