epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Толькі так

Я размаўляю вершамі з табой,

Жыццё людзей, звяроў, раслін нябёсаў.

І б’ецца ў сэрца чулае прыбой

Усіх шчаслівых і няшчасных лёсаў.

 

Адсюль і столькі самых розных тэм —

Раздрай дзяржаў, душы з душой адзінства,

Чарнобыль, Трасцянец, Хатынь, Эдэм,

Зло і дабро, каханне і злачынства.

 

Да іх звяртаўся вершамі не раз,

І слоўмі, і душой кранаю тэму.

Хачу ад тэмы кожнай у адказ

Адчуць яе глыбінную праблему.

 

Хоць боль не мой, а ў горле слёз камяк,

Хоць радасць не мая — душа наўздыме.

Жыць неабходна так — і толькі так,

Інакш ідзеш не па жыцці, а міма.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.