epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Толькі ў сне

Гармонік мой, даўно як сціх,

І ад яго адвыклі рукі.

Ў душы мелодый дзіўных тых

Ўспамінам ажываюць гукі.

 

Праз тоўшчу год у нашы дні,

Ўліваюцца, валтузяць памяць.

Яны гучаць з далечыні,

І лечаць мне душу, і раняць.

 

Пасляваенныя гады,

Час рэчаіснасці суровай.

Гармонік ратаваў тады

Ад безвыходнасці жыццёвай.

 

Бывала, разгарну мяхі,

Узрушу галасы з басамі,

І хоць падцягнуты духі,

А душы падпяваюць самі.

 

Эх, скінуць бы шэсцьдзесят год,

На танцах сесці б у куточку.

Я б рэзнуў «Полечку» й «Факстрот»

І «Рэчаньку», і вальс, і «Ночку».

 

Абняцца б з тым мінулым мне,

Убачыць хоць хвілінку б тую...

Ўсё гэта бачу толькі ў сне

І толькі ў сне ўсё тое чую.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.