epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Тосты

Узняўшы чарку ўверх прывычна,

Мы без надуманых прадмоў,

Агучваем аўтаматычна

Ўсяго два словы: — Будзь здароў!

 

Кароткі тост, не мнагаслоўе.

А нам ляціць ужо ў адказ

Зноў маласлоўе: — На здароўе!..

І так — штогод, штовек, шточас.

 

— Здароўя ўсім! — гудзе застолле,—

Да дна! Да дна! Віват, віно!

І п’юць да дна па завуголлю,

І... апускаюцца на дно.

 

І кожны смачна выпівае:

— Здароўя вам на ўсе гады!..

А вось здароўе — убывае

Альбо знікае назаўжды.

 

З прывычак гэтых выхад просты:

Каноны шкодныя — на злом!

Каб быць здаровым — зменім тосты

І за сталом, і за вуглом.

 

— За вашу язву! За гастрыт!

— За ціск і за халецісцыт!

— За «глюкі» і за лекаў культ!

— За ваш інфаркт! За ваш інсульт!

— За печань — за яе цыроз!

— За ваш ушчэнт прапіты лёс!..

 

Тут я, як кажуць, з жару, з пылу,

Нагарадзіў — не разабраць.

He! Мы ўжо лепей у магілу,

Чым тосты новыя прымаць.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.