epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Трэці лішні?

Я быў адзін, ледзь заўважаў вясну,

Стаяў у задуменні з кіслай мінай.

І раптам быццам ачуняў ад сну —

Убачыў праваруч хлапца з дзяўчынай.

 

Цягнуў ён вусны да яе шчакі —

Ці цалаваў, ці штось шаптаў з імпэтам.

Яны былі, нібыта галубкі,

Адны — на ўсёй зямлі, на свеце гэтым.

 

Эх, падыду! І будзе нам утрох

Шмат весялей сярод вясны гутарыць.—

Я усміхнуўся да вушэй, як мог,

І смела «падруліў» да гэтай пары.

 

Але хлапец спыніў маю хаду:

— Ану адгэтуль на падэшвы цісні!

Здзівіўся я: — Куды? Я не пайду?

Але ў адказ пачуў я: — Трэці лішні!

 

Куды цяпер?.. Ды з правае рукі

Убачыў я здаля ў святле рэкламы,—

Як тычкі дзве, стаяць два дзецюкі,

Кагось чакаюць каля віннай крамы.

 

Відаць, што час у хлопцаў не ў цане,

Не ведаюць, куды яго бы дзець ім.

Калі ж яны заўважылі мяне,

Гукнулі: — Далучайся! Будзеш трэцім!


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.