epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Трыфан і чыкагская мафія

Касілася на досвітку лёгка. Змякчэлая за ноч росная трава была падатлівай, ды і падкляпаная звечара каса рабіла сваю справу бездакорна. Таму Трыфану заставалася толькі выконваць даведзеную да аўтаматызму немудрагелістую камбінацыю: замах — паварот, замах — паварот. Шы-ых! Швіць! Шы-ых! Швіць!..

З кожным пракосам неба рабілася святлейшым — днела. Кароткія перадыхі доўжыліся — прыемна было выпрастаць змакрэлую спіну на духмяным пракосе. Трыфан заплюшчваў вочы, у вушах чулася звыклае: «Шы-ых! Швіць!», якое чамусьці пераходзіла ў сугучнае: «Ы-ыых! Спіць!»

Працоўны дух Трыфану крыху падпсавала тое, што праз дзіравую кішэню сатлелага пінжака згубіўся ягоны сняданак: лустачка хлеба і кавалачак сала, закручаныя ў зжаўцелую газету. Патаптаўся Трыфан між пракосаў, папароў траву касільнам — усё дарэмна. Мусіць, згубіў недзе свой «сэндвіч» па дарозе з вёскі.

Але Трыфан шкадаваў не так хлеба з салам, як зжаўцелай газеціны, бо без яе не скруціш цыгаркі. Пакрышаны тытунь-самасад знаходзіўся, як заўсёды, у бляшанцы з-пад ваксы. Бляшаначка ратавала тытунь ад роснасці і, галоўнае, ад поту, які прамочваў наскрозь вопратку і ўсё, што ў ёй было.

Вось Трыфан і застаўся ні з чым — ні яды, ні курыва.

Ляжаў Трыфан на пракосе, падклаўшы рукі пад галаву, і толькі чуў: «Ы-ыых! Спіць! Ы-ыых! Спіць!»

Салодкія гукі з вушэй Трыфана рашуча і настойліва прагнаў тэлефонны званок. Трыфан машынальна палез у цэлую кішэню і дастаў мабільны тэлефон:

— Хто гэта так рана трымдзіць? Слухаю!

У тэлефоне штосьці засапло, потым нейчы голас глуха выціснуў:

— Хана табе, Трыфан! Ты засвяціўся! Шэф табой незадаволены!

Трыфан не разгубіўся:

— Які шэф? Брыгадзір?! Ды пайшоў ён к чорту! Я тут без хлеба і табакі працую, як чорны вол...

У тэлефоне зноў засапло:

— Мяняем пароль, Трыфан! Запомні — мафія не спіць!.. Спі-і-ць! Спі-і-ць!.. Ы-ыых! Спі-і-ць...

Хтосьці страсянуў Трыфана за грудзі. Цяпер ужо ля самага вуха пачулася:

— Ы-ыых! Спіць!.. Уставай!..

Трыфан расплюшчыў вочы. Ён ляжаў на пракосе, адной рукой трымаючы касільна, а другой прыціскаючы да грудзей любімую сваю кніжку «Шцірліц супраць чыкагскай мафіі».

Сонца стаяла высока ў небе, але Трыфану падалося, што вышэй за сонца была галава брыгадзіра, які раскатурхаў яго і перапыніў салодкі сон.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.