epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Трыяда

Калі адлік свой спыніць маё сэрца

І мне ў магілу час свой кол уб’е,

Жыццё маё у вершах застанецца,

Яны — душапрыказчыкі мае.

 

Ім самастойна, без мяне, прынамсі,

Далей праз час і цяжкасці ісці.

І чытачам, магчыма, я падамся

Цікавым больш, чым колісь, пры жыцці.

 

Магчыма, блізкім больш і зразумелым,

Бо паміж намі — вечнасці сцяна.

І хоць душа развітваецца з целам,

Не развітаецца з паэзіяй яна.

 

Здаўна, з-за векавога далягляду,

Жывое слова й праз вякі гучыць,

Бо з намі неўміручая трыяда —

Паэзія, душа і чытачы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.