epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Туды, дзе сінь...

Ў абдымках часу, на далонях дзён,

Жывy ў бацькоўскай хаце, не ў палацы.

А думкам рыфмы, строфы — не палон,

Вальней ім між радкоў, у творчай працы.

 

Радкі — штыкі, а між радкамі плач,

Ды міжрадкоўе не сатрэ і гумка,

Хоць часу конь капытамі няўдач

Дратуе поле парасткаў-задумкаў.

 

З інтрыгаў за спіной распяцця крыж

Рыхтуюць спраўна зайздрасці Іуды.

Ды шчасце — ў неба ўзмыў натхнення стрыж,

Туды, дзе сінь, вышэй, чым хмараў груды.

 

Туды, дзе сінь...

А што вакол, вось тут,

Дзе мітусня падзей, дзе дні-гарэзы?

У чыстай плыні — чорных хваляў бруд,

Ад іх ратуюць творы-хвалярэзы.

 

О творчасць! Ты адкрыла вочы мне!

Табе б — ля сонца! Ты ўсё лезеш з ямы...

На чысціні, на белым палатне,

Крычаць і выядаюць вочы плямы.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.