epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Туга

Гадам маім паношаным вядома

Сіл пазбаўленне (восень — не вясна).

Туга ж мая не ведае ні стомы,

І ні бяспамяцтва

Не ведае яна.

 

Во скула!

Во назола!

Во тырання!

Апошні час прадыху не дае.

Грызе і нудзіць

з рання і да рання —

І павялічваецца моц яе.

 

Туга-злыднюга, як старая дзева,

Нібы быльнёг, уссеўшы на раллю.

Вось так ад шашалю

і парахнее дрэва,

Пакуль зусім не рухне на зямлю.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.