epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Тунель пад Ла-Маншам

Ігнат Крот жыў у раённым цэнтры. Дом яго калісьці стаяў воддаль ад аўтамабільнага руху, але з часам перапланаванні ды розныя будаўнічыя ўладкаванні раённага цэнтра падвялі да самых яго вокнаў шумлівую і чадную вуліцу.

Насупраць яго дома, цераз дарогу, пабудавалі цагельную ашчадную касу, а побач з ёй — аддзел раённай міліцыі.

Ігнат жартаваў:

— Добра яшчэ, што міліцыю да мяне падсунулі, а не турму.

Кажуць, што ў кожным чалавеку — у аднаго глыбей, у іншых амаль навідавоку — затойваецца нячысцік, які чакае свайго часу і хоць раз у жыцці падштурхне чалавека да зусім неверагоднага ўчынку.

Вось і Ігнат Крот аднойчы адчуў, як нехта ўнутраны і даволі настойлівы штурхае яго да страшэннай авантуры, якія бываюць толькі ў прыгодніцкім кіно, ды і то — замежным.

Ігнат не вытрымаў і падзяліўся нечаканай ідэяй са сваім сябрам Рыгорам:

— Хочаш жыць, як кум каралю?

— Хто ж гэтага не хоча? — без асаблівага імпэту адказаў сябар і сам спытаўся: — А што для гэтага трэба?

— Грошы! — коратка кінуў Ігнат.

— Я і без цябе гэта ведаю. А дзе ж іх столькі ўзяць?

Ігнат паказаў праз вуліцу:

— Вунь бачыш ашчадную касу? Пабудавалі, як спецыяльна, насупраць, вочы мазоліць, сама на грэх напрошваецца. Грабанём яе — і ў дамкі!

Рыгор таксама паказаў праз вуліцу, але на іншы будынак — на міліцыю:

— А вунь тое бачыш? Там хутка бранзалеты на рукі пачэпяць!

Але Ігната гэта не спыніла. Ён доўга пераконваў сябра, дэталёва і падрабязна выкладаў свой план, абяцаў поўны поспех і гарантыю.

— Ты ж прыкінь, Рыгорка! — гарачыўся ён.— Нейкіх дзесяць—дванаццаць метраў прыйдзецца капаць пад дарогай — затое ні табе сігналізацый, ні табе бранзалетаў! Нашы жонкі будуць насіць сапраўдныя брыльянтавыя бранзалеты, а мы з табой будзем піць «чарніла» з залатых кухляў! Колькі тут капаць?! Гэта ж не пад Ла-Маншам!

Рыгор вагаўся:

— Ну, уяві, што мы дакапаліся да касы, а там жа падлога. Як пралезці праз яе?

Ігнат супакойваў сябра:

— Я быў у касе, усё агледзеў. Дошкі там не суцэльныя, а з кавалкаў. Стукнем знізу, цвікі і паддадуцца. Расплануем падкоп так, каб у нядзелю, калі там выхадны, ламануць тыя масніцы.

Рыгор усё яшчэ сумняваўся:

— А нара, якую мы пакінем? А падкоп? Ён жа прывядзе потым міліцыянтаў роўненька да тваёй хаты. Не, браток, гэта — простая дарога ў турму!

Ігнат не здаваўся:

— Рабіць падкоп будзем не ад маёй хаты, а з суседняй, гаспадары якой памерлі. Ніхто там не жыве, яна пустуе не адзін год, і гэта яшчэ лепш — ніякіх сведкаў, можна капаць дзень і ноч. Ну, няхай сабе, як ты кажаш, прыйдуць міліцыянты па нашай нары ў тую хату, а яна нічыя — і спаганяць няма з каго.

Пакуль Ігнат горача пераконваў сябра, у Рыгора ў глыбіні душы прачнуўся яго ўласны нячысцік, які таксама горача пачаў нашэптваць: «Дурны! Не вагайся! Пакапаеш зямлю нейкі тыдзень, затое астатняе жыццё будзеш толькі пагладжваць жывот...».

— Тваё ўзяло! — згадзіўся Рыгор.— Але яшчэ адно пытанне: грошы ж у касе ляжаць не на падлозе, не на стале, а ў нейкіх сейфах пад замком. Як іх адтуль дагрэбаць?

— Дробязь! — бадзёра адказаў Ігнат.— Галоўнае патрапіць у будынак, а там — мы гаспадары!

Падкоп пачалі рабіць назаўтра. Мара пра хуткае ўзбагачэнне надавала сілы, і сябры не шкадавалі сябе — капалі і цягалі зямлю кашамі да выхаду, дакладней, да ўвахода.

Рыгор дзівіўся:

— Ну, Ігнат, ты сапраўдны крот — зямля табе паддаецца, як таму экскаватару!

— Думай пра грошы — і ты будзеш экскаватарам! — раіць сябар.

На ноч даводзілася прыпыняць працу, бо жонкі не толькі б запыталіся, а ўзялі б за горла: «Дзе быў? Чаму не начаваў дома?» А жонак браць у долю было пакуль рызыкоўна, бо доўгі бабскі язык — першы вораг у такой далікатнай справе.

І тым не менш справа рабілася даволі жвава — метр за метрам сябры-землякопы набліжаліся да запаветнага багацця.

Нарэшце, паводле іх падлікаў, тунель, як яны жартавалі, пад Ла-Маншам быў гатовы. Заставалася рэзка ўзяць уверх і намацаць падлогу. Каб зрабіць апошні крок, дачакаліся нядзелі — і пайшлі «на ўзлёт»...

У тую нядзелю ў міліцыі дзяжурыў лейтэнант Байкоў. Асаблівых здарэнняў не было, аператыўнае становішча дазваляла расслабіцца, таму лейтэнант уключыў тэлевізар і глядзеў нейкае «мыла».

Раптам пачуўся стук. Міліцыянер выключыў тэлевізар і прыслухаўся. Стук зноў і зноў аднекуль далятаў да яго пільных вушэй. Дзе і што грукала — немагчыма было разабраць. На ўсякі выпадак Байкоў расшпіліў кабуру і намацаў пісталет.

— Быццам штосьці грукае пад зямлёй,— прамармытаў ён.

Зноў зрабілася ціха.

— Мне падалося,— уздыхнуў з палёгкай дзяжурны.— Занадта я праяўляю пільнасць... Пад зямлёй злачынцы не водзяцца...

Ён зноў уключыў тэлевізар.

Раптам за спіной, і зноў жа аднекуль знізу, штосьці грукнула, пасля закраталася на падлозе масніца. За ёй суседняя, і яшчэ адна.

Байкоў выхапіў з кабуры пісталет і прыняў абарончую позу. Сэрца яго моцна тахкала, у роце перасохла.

Пачуўся новы стук знізу, і дошкі з падлогі пырснулі ўгару. Пад падлогай зеўрала чорная пустэча, а ў ёй стаяў на каленях і лыпаў вачыма зацярушаны зямлёй незнаёмы мужчына.

Абодва, і міліцыянер, і незнаёмец, настолькі разгубіліся, што, здавалася, акамянелі.

Першы ачомаўся незнаёмец, ён жа Ігнат Крот.

— Водаправодчыка выклікалі? — бадзёра спытаўся ён.

— Н... не...— няўпэўнена адказаў Байкоў.— Якога водаправодчыка? У нас тут і вады няма...

— Правільна! — не тушуецца Ігнат.— Вось для таго тут мы... наша фірма, каб падвесці да вас ваду!

— Хух! Як вы мяне напужалі! — І Байкоў схаваў пісталет назад у кабуру.— А я ж думаў, што недзе злачынцы арудуюць... Хух!

Ігнат не даваў апамятацца дзяжурнаму:

— А вас што, начальнік не папярэдзіў, што праз гэта месца пралягуць падземныя камунікацыі?

— Мяне асабіста ніхто не папярэдзіў,— паціснуў плячыма лейтэнант.

— Што ж, на сёння, думаю, хопіць! Заўтра працягнем! — спрабуе выйсці з гаворкі Крот.— Вы, таварыш лейтэнант, пакладзіце дошкі на месца да заўтра.— Звяртаецца да Рыгора, які за ім стаяў рачком ні жывы ні мёртвы: — Брыгада! На сёння хопіць! Вяртаемся на фірму!..

Калі сябры выпаўзлі на двор нежылога дома, Рыгор напусціўся на сябра:

— Усё! Хана нам з табой! Замуруюць нас у турме пажыццёва!

— Спакойна! — спыняе сябрава абурэнне Ігнат.— Лейтэнант нічога не зразумеў.

— Ён жа нас бачыў, асабліва цябе! Апазнае! — зноў заенчыў Рыгор.

— Апазнае? — хмыкнуў Крот.— Зірні на мяне — жонка мяне ў такім выглядзе не пазнае! І ты гэткі ж — адны вочы блішчаць.

— Як ты мог прамахнуцца і замест касы патрапіць вунь куды? — не сунімаўся Рыгор.

— Камяні, свалачугі, змянілі наш напрамак, ды і вопыту малавата,— апраўдваўся галоўны падкопшчык.— Думаю, што пад Ла-Маншам было б лягчэй прайсці, чым пад нашай вуліцай...

Рыгор насцярожыўся:

— Што цяпер? Куды цяпер?

— Абмываемся і кіруемся ў другі бок ад майго дома, каб заблытаць сляды. Памылка — дробязь, другое дрэнна — не піць нам з залатых кухляў «чарніла»!

— Добра трэцяе,— дапаўняе сябра Рыгор,— тое, што лейтэнант разгубіўся і не арыштаваў нас на месцы. Пілі б мы з табой турэмную баланду з шчарбатай міскі і прасілі б дабаўкі... Шчасце для нас у гэтым, а не ў грашах!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.