epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Тут сэрца грэе кожны кут

Тут пах раллі і пах травы,

Настой палёў.

А што за водар баравы

I тапалёў!

 

Тут ранак з сонечным вяслом

Плыве з начы!

Пад залатым яго крылом

Вясна гучыць!

 

I зачароўвае яе

Спеў салаўя.

I разам з раніцай пяе

Душа мая.

 

Тут сэрца грэе з году ў год

Мне кожны кут.

Адсюль я сам, адсюль мой род —

Увесь я тут.

 

Зіма жыцця не абміне...

У час бяды.

Мая зямля, прымі мяне,

I — назаўжды.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.