epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ты не галоўны

Звініць зіма. Мяцеліцы багата

Пад кожны ганак гурбаў намялі

Які мароз! Усе сядзяць па хатах,

Падрыгваць зоркі ў небе пачалі.

 

Да цішы прыслухоўваецца чутка

Сама, ў нямым здзіўленні, цішыня.

Сабак, заўсёды брэшачых, не чутна,

Яны па будках заляглі да дня.

 

Іскрыцца снег, як казачная тога,

З-пад стрэх блішчаць настыла ледзяшы.

Прыціхла вёска, не відаць нікога,

Здаецца — і ў сусвеце ні душы.

 

Ласкавы голас чуецца раптоўна:

— Кахання! Ты для мяне адна! —

О не, мароз, ты сёння не галоўны,

Святкуе ў сэрцах маладых вясна.

 

Вясна кахання не баіцца зімку

І для кахання перашкод няма.

Стаяць вунь двое — ён, яна — ўабдымку,

Не заўважаюць, што вакол зіма.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.