epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ты такі адзіны

Я выйду на прасторы Беларусі,

Як вольны сын бацькоўскае зямлі.

Я бачу вас, я вамі ганаруся,

Лясы, азёры, хлебныя палі.

 

Жыві, мой край, мой кут,

Я з вамі сэрцам тут.

У святы, ў час бяды,

Я з вамі назаўжды.

 

О край мой родны, ў свеце ты адзіны

Другі не знойдзеш на зямлі такі.

Адвеку тут жывуць жыццём Радзімы

Аддана беларусы-землякі.

 

Жыві, мой край, мой кут,

Я з вамі сэрцам тут.

У святы, ў час бяды,

Я з вамі назаўжды.

 

Мой родны край славуты — і не дзіва,

Бо бачыцца і чуецца здаля

Узнёслая Купалава «Малітва»

І Коласава «Новая зямля».

 

Жыві, мой край, мой кут,

Я з вамі сэрцам тут.

У святы, ў час бяды,

Я з вамі назаўжды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.