epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

У хаце маёй

На сценах, у хаце маёй,

Ні Рэпін, ні Хруцкі, ні Водкін,

А ў рамах адзінай сям’ёй —

Суседзі, знаёмыя, продкі.

 

Я чхаў на сучасны кураж.

Дзе купля, (не продаж) — прадажа.

Далёка табе, Эрмітаж,

Да хаткі маёй — вернісажа.

 

Тут лёсаў працяг — не паказ,

Тут час адраджаўся шматкратна.

Заходзьце, сустрэнуць тут вас

Найшчыра, прыветна, бясплатна.

 

Як сведкі часоў пасівелых,

Мінулых падзей аднагодкі —

Глядзяць з фатакартак зжаўцелых

Суседзі. Знаёмыя. Продкі.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.