epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

У добры час!

Жывіце, людзі, на зямлі,

На ёй да нас вякі гулі,

Жыццё нярэдка — драма.

Жывіце, людзі, за сябе

Й за тых, хто паў у барацьбе,

Паў і за вас таксама.

 

Жывіце, людзі, пасля нас

Узнёсла, светла — ў добры час!

Менш вам трагедый-ценяў!

Жывіце, людзі, ў добры шлях,

Хай кожны крок, як вольны ўзмах,

Нясе вас да здзяйсненняў.

 

Запомніце, як «Ойча наш» —

Ёсць варыянт: — Жыццю шабаш!

Вы й вашы дасягненні

Пярэйдзеце — у попел, прах,

Праз жар вайны ў чужых мазгах —

Раптоўна, у імгненне.

 

Ўзмацняйся, чалавечы род,

Жыві заўжды — мільярды год,

Час-вецер б’ецца ў грудзі.

Асвенцымы і Салаўкі,

Дыктатары — прэч, у бакі!

Нясі высока праз вякі

І годна, званне — людзі!


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.