epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

У імя навукі

Навука — не навука,

калі паўзе ў хвасце

Сусветнай

Навуковае тусоўкі.

І вось на Крайняў Поўначы,

у вечнай мерзлаце

Знайшлі кагосьці

нашы навукоўцы.

 

Відаць, што гэты від

мільярды год як счэз,

Бо быў ён невядомы

ўсяму свету.

Ён, быццам, для таго

глыбока ў лёд умерз,

Каб здзейсніць сёння

навукоўцаў мэту.

 

Вучоным падалося,

што дыхае на іх

Праз тоўсты лёд

вякоў мінулых аўра.

А гэты страшны монстр,

што назаўсёды сціх,

Ён не падобны быў

да яшчараў усіх,

Да брантазаўраў

ні да дыназаўраў.

 

Мільярды год прайшло,

а гэта не мільён,

І ўсё ж схаваць не здолеў

Час-бязмежнік,

Што не бяскрыўдны ён,

што платаядны ён,

Што вельмі крыважэрны быў

Драпежнік.

 

Адчулі навукоўцы

сябе, як каралі,

Бо слава саладзей,

чым бочка мёду.

Ды раптам ачунялі —

знайсці кагось знайшлі.

А што далей?

Як возьмеш яго з лёду?

 

На Поўначы з вучонымі —

адчай не без прычын,

Праблем усіх

не вырашыць наскокам.

Яго бы ў акадэмію даставіць,

Ды на чым?

Яго не сапсаваць бы

Незнарокам.

 

На дапамогу ім

нырнуў на лёд з нябес

Авіялайнер

Да ўсяго гатовы,

Які дзеля навукі

даслала МЧС,

Ў салоне —

З халадзільнай установай.

 

Паслуга эмчээсаўцаў

не ведае цаны —

І ў навукоўцаў

безнадзейнасць згасла.

Імгненна ў лёд, дзе быў

дарунак даўніны

Праніклі пілы,

нібы нож у масла.

 

Запоўз у фюзеляж

па круглых блоках лёд,

За ім і дэлегацыя

Масціцца.

І зноў, цяпер у неба,

нырца даў самалёт,

Праз пэўны час —

і вось яна, сталіца.

 

*

Чакаў яго

Даследча-навуковы інстытут,

Савет свяцілаў

нашых навуковых.

І замяжоўцы знаныя

прысутнічалі тут,

І... «дзіва»

Ў замарожаных умовах.

 

Дзівіліся, спрачаліся,

шукаючы адказ,

Не разумелі,

Хоць у лоб ім трэсні,

Што гэта за пачварына

патрапіла да нас —

І кожны пеў, як кажуць,

свае песні.

 

Тады прыйшлі да згоды,

каб ім напругу зняць,

У гэтай справе —

спрэчак толькі, мала —

Тэмпературу трэба

паступова пацяпляць,

Каб гэта страхамордзіна

Адтала.

 

Калі зусім ад лёду

распранéцца гэта жуць

Пад шклом

Антымікробнай будаванкі,

Тады яе пакратаць можна будзе

Й зазірнуць,

Разрэзаўшы ёй пуза,

Ў вантрабянку...

 

Працэс гэты марудны,

ды скончыўся і ён,

Хоць неспакойных дзён

прайшло нямала.

Напружаных вучоных табала,

Як легіён,

Ад нецярпення

рукі пацірала.

Ды кажуць жа — ў ваду

не лезь, згубіўшы брод,

Фатальнага

Асцерагайся крока —

Страшэнны монстр, што спаў

ажно мільярды год,

Расплюшчыў сваё

жудаснае вока.

 

Затым, ад сну прачнуўшыся,

шырока пазяхнуў,

Адкрыўшы пашчу —

іклы, як кінжалы.

І легіён вучоных

з дзікім крыкам плетануў

Праз дзверы і праз вокны

з гэтай залы.

 

І кожны пёр па кожным —

пляваць на этыкет,

Далей ад гэтай

старажытнай штукі,

Каб толькі не патрапіць

страшыдлу на абед,

Калі жыццё ў бядзе —

не да навукі.

 

Калі ж цішком вярнуўся

ад вучоных прадстаўнік,

Ён і астатніх

мужнасцю акрыліў

Бо монстр, відаць, ад голада

ледзь здыхваўся, панік,

Заплюснуў нават вочы,

Абяссілеў.

 

І ахапіў вучоных

заклапочанасці жар,

Адразу

Памянялася ўсё крута.

— Хутчэй яго карміць,

бо здохне цэнны экземпляр!

Ажно зароў

дырэктар інстытута.

 

— Бягом усе у краму!

Харчы сюды хутчэй! —

Крычаў дырэктар, —

Не марнуйце часу! —

Ў імгненне вока зніклі

ўсе вучоныя з вачэй,

І хутка ў зале ўзніклі

горы мяса.

 

Яму кавалкі лепшыя

падсоўвалі пад нос,

Намазвалі, як кажуць,

маслам лусту,

Не ўзяў ён ні кавалка,

галавой адмоўна трос,

Паказваючы —

Страва не па густу.

 

Яны ізноў у краму,

накупілі там курэй,

Ды ўсё па блату,

з чорнага ўсё хода.

І з гэтым,

Да ўміраючага з голаду хутчэй —

Эх, гэткая б увага

Да народа!

 

Але народу шмат,

а ён адзін такі,

Таму хутчэй

Пачвару ратавалі —

Адборную кураціну

падсоўвалі яму —

Гісторыя

Пакладзена на шалі.

 

Але і на кураціну

ён нават не зірнуў,

Не ўзяўся есці,

не лізнуў ні разу.

Дырэктар інстытута

не стрымаўся і загінуў:

— Ну, ёксель-моксель,

ты і скатабаза!..

 

Ўсё так было на справе,

я ніколькі не маню —

Вучоны свет мазгі ламаў

праз звера,

Бо монстр адвярнуўся

і ад рыбнага меню,

І сілы талі,

ён слабеў без меры.

 

Тады дары экзотыкі

пусціць рашылі ў ход —

Бананы,

Ананасы,

Арцішокі,

І вінаград, і персікі,

і ёгурты, і мёд,

(За чым у чэргах мерзлі мы

штогод пад Новы Год)

І нават для дзяцей

маленькіх сокі.

 

Але ізноў пачварына

на «шведскі» той абед,

Увагі — нуль,

не глянула і вокам.

Дырэктар інстытута

склікаў экстранны савет,

Бо гэты госць усім

вылазіў бокам.

 

Дырэктар выступленне

з засцярог пачаў сваё:

— Калегі!

Што хацелася б адзначыць?

Мы з Поўначы прывезлі

невядомае звяр’ё

І можам зараз

беззваротна страціць.

 

І я, і вы упэўнены,

як кажуць, на ўсе сто:

Дапусцім страту —

будзем локці грызці.

Гісторыя нам гэта

не даруе ні за што,

Тым больш, навука...

Прапануйце выйсце.

 

Маўчалі ўсе напружана.

А што сказаць хто мог?

Тупік, ён тупіком

заўсёды будзе.

Ўсё самае магчымае рабілі,

бачыць Бог,

Падносілі ласункі,

як на блюдзе.

 

Быць спераду начальніка

ніхто ў нас не прывык,

Усе маўчаць —

і знаны, й заваляшчы.

І раптам аднаго з іх

тузануў чорт за язык:

— Не лезці ж нам самім

яму у пашчу.

 

Дырэктар аж падскочыў

і адразу, без прадмоў,

Загаманіў,

Заламваючы рукі:

— Вось гэта дык ідэя!

Прапанова прапаноў!

Чаму б не рызыкнуць

дзеля навукі?

 

Нас вунь тут колькі ў зале,

а пачварына адна,

Мы з вамі гонар свой

кладзем на шалі.

Ахвярнасць для навукі —

неабходная цана —

Хто будзе першым з нас?..

Усе маўчалі.

 

Дырэктар усміхнуўся:

— Я чытаю ваш адказ,

Начальнік ты,

хай ён табой закусіць...

Я згодны!

Для навукі паміраюць

толькі раз,

Я веру,

Што за мной другія рушаць!

 

Я вам удзячны шчыра за давер,

Пакуль жывы,

З вас кожны

У навуцы нашай — рыцар.

Не здрадзіце і нашай

пераемственнасці вы —

Нашчадкі будуць

намі ганарыцца.

 

*

Далей што адбывалася

у інстытуце тым

Адказ шукаюць многія

Адчайна.

Гісторыя пра тых людзей

растала, нібы дым,

І ціха знікла

за заслонай тайны.

Аднойчы завітаў я

ў гэты інстытут,

Прайшоўся па паверхах

ў нейкім спудзе.

Там кожны калідор

і кабінет, і кожны кут

Знямеў,

Асіраціўся,

Абязлюдзеў.

 

На ўсім вакол павісла

таямнічасці пячаць,

Ды цішыні бязлюднай

мала веры.

Пачуў я, быццам жвуць кагосьці,

нейкі хруст чуваць —

Я выхад адшукаў

і даўся ў дзверы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.