epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

У лесе, як дома

Я ў лесе, як дома,

а дома я штось

Па лесе сумую —

замкнулася кола.

Няспынна кручуся

вавёркай у коле,

Прыцягвае лес

і яго прыгажосць.

 

Вось бор —

і зялёнай ігліцы карункі,

І золата соснаў —

куды ні зірні.

Шчыруе душа тут

і ўтуляцца думкі

Да неразгаданай

нікім цішыні.

 

Вось гаю бярозавы —

ветлівы, шчыры

У ім недарэмна

салоўка пяе.

Расплеценых косаў

зялёныя ліры

Вас прымуць пяшчотна

ў абдымкі свае.

 

Вунь шчыльныя елкі,

зусім не далёка

Застылі — і лапкі

вісяць «да калень»

А ў лесе яловым

і ў дзень яснавокі,

Хоць сонца на небе —

пяшчоціцца цень.

 

Не любяць лясную

гармонію гэту

Чамусьці дубы —

кожны сам па сабе.

Па ўзлессі, па полі,

яны ўрассыпную

Разбегліся — ноша

свая на гарбе.

 

Вунь клёны, рабіны —

ці ж іх пералічыш,

Вунь ясень кудлаціцца —

рэдкі жыхар.

Крутнешся наўкола —

і кожнаму зычыш

І доўгія лета,

здзяйснення ўсіх мар.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.