epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

У лесе — нікога...

У лесе — нікога, мая тут персона,

Ды не, гэта — самападман.

Начхала на ўсіх — гарлапаніць варона.

За ёю крумкачыць груган.

 

Азвалася сонна зязюля-манюка,

Гадоў «дадала» мне — прагрэс.

А дзяцел не можа пражыць без тук-тука,

Ратуе ад вусення лес.

 

Сарока стракоча задзірыста, бойка,

Па-праўдзе,— яна так пяе.

— Тут хтосці ідзе! — папярэджвае сойка,

Крычыць, нібы рэжуць яе.

 

Яна — вартаўніца, за кожным усочыць,

Пацвердзіць майстэрства сваё,

Таму міма вока яе не праскочыць

Ні постаць людзей, ні звяр’ё.

 

Танюсенька ціўкнула нейкая птушка,

Нябачна сцяжыняць звяры.

А вунь і змяя, нібы чорная стужка,

Паўзе да таемнай нары.

 

А вось ручаёк — мурашова дарога,

Хаця б толькі не наступіць.

Здавалася, ў лесе нічога, нікога —

Жыццё тут пульсуе, кіпіць.

 

У лесе нікога? Памылка, панове,

Тут вочы і вушы «вастры».

Тут зносяцца ўсе на загадкавай мове —

Мурашнікі, птушкі, звяры.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.