epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

У матухны-прыроды

О, колькі цудаў матухны-прыроды!

Яны вакол, яны — на ўсе бакі.

Ялін, бяроз, рабінаў карагоды,

Асін пужлівых танец трапяткі.

 

Лазовы куст, як баба у ватоўцы,

Рассеўся ля дарогі, а за ім

Дубы, нібы «крутыя» на тусоўцы,

Фасоняцца адзін перад адным.

 

З бярозай вецер абыйшоўся жорстка,

Зламаў яе ля самага камля.

Яна цяпер, як кінутая костка

Упала ніц — і пухам ёй зямля.

 

Вунь, гаю гай шле прывітанне гулка,

Махаюць голлем, быццам сваякі.

А паміж імі ціхая рачулка

Схапіла неба аж за дзве шчакі.

 

І сонейка дало нырца у рэчку,

Нясе яго празрыстая вада.

А воддаль клён заладзіў з ветрам спрэчку,

Гнявіцца клён — бярозы той шкада.

 

Лугі разбагацелі сенакосна,

Палі рыхтуюць восеньскі пасаг.

А парасткам глядзець уверх зайздросна

На дрэвы з аблачынай на плячах.

 

Так, тут свае трагедыі і святы —

Як не любіць, не шанаваць зямлю!

І постаць дуба, і таполь цыбаты,

Лугоў суквецце, рэчку, лес кашлаты —

І ўсё жывое на зямлі люблю!


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.