epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

У нашым часе на Парнасе

На ўсё адказ шукаю я адчайна,

Куды ні глянь — сядзіць на тайне тайна,

Ды зверху новай тайнай паганяе —

І гэта ўсё хвалюе і натхняе.

Таўкуцца дні з начамі, нібы мошкі,

І ўжо не разумееш ані крошкі:

Ці ты прысніў дзівосныя праявы?

Ці сапраўды былі такія справы?

Сярод шматлікіх таямніц-загадак

Быў незвычайны і са мной выпадак,

А можа і прыснілася начамі?..

Я лепей раскажу — мяркуйце самі.

 

*

Нарэшце я ўзляцеў на творчай хвалі —

Мяне ў Саюз пісьменнікаў прымалі!

Павёў свайго Пегаса я на Раду,

Каб паказаць і спераду і ззаду.

А паказаць было каму, бо ў зале —

Пісьменнікаў, як п’яніц на вакзале.

І кожны з іх — гурбяк, не лыкам шыты,

І кожны класік — самы знакаміты,

У кожнага пад шапкай — не даўбені...

Я ледзь стаю, затрэсліся калені,

Баюся, што засядзе ў горле слова.

Пачаў і мой Пегас дрыжаць нервова —

Яму б на волю, даць прастору марам,

А тут — курцы і цягне перагарам.

Ды што рабіць?

Відаць, у кожным часе

Пакутуюць Тарасы на Парнасе...

 

*

Старшынствуючы паглядзеў наўкола:

— А гэта што з табою за жывёла?

А-а! Гэта, пэўна, птушка — бачу крылы,

Хоць галава і хвост, як у кабылы.

Другі — сівы, задумлівы, высокі,

Прамармытаў, надзьмуўшы важна шчокі:

— Падумаеш, здзівіў!

Знайшоў істоту!

Я на такой пагойсаў у ахвоту.

У нашым жа раёне, у Лагойскім,

Вось гэтая істота стала свойскай —

На ёй сяляне возяць гной і дровы...

Тут хтосьці крыкнуў:

— Пень ты безгаловы!

Ты ж праціраў штаны на дохлай клячы,

А мы тут прыгажосць такую бачым!

Але сівы прыўзняў густыя бровы

І агрызнуўся:

— Сам ты безгаловы!

Ты папракнуў мяне канём бязродным,

Але й на клячы можна стаць народным.

Наступны з «гурбякоў» — паэт Кічлівы —

Праз губы праслінявіў ганарліва,

Узняўшы рукі плаўна, як паненка:

— А я і без каня, як Еўтушэнка!

Як Вазнясенскі, я стаю на сцэне!

Бо я даўно, ад нараджэння, геній!

Зноў крыкнулі:

— He трэба самазванцаў!

Тумань мазгі ты жонцы ці каханцы,

А мы сабаку з’елі без прыправы,

Хоць дзве адразу не займалі лавы...

— Калегі! Ціха! — Бражкін просіць слова.—

Ну хоць бы растлумачыў хто талкова,

Што за стварэнне?

Што за звер чартоўскі?..

Гляджу — устаў вядомы ўсім Гархоўскі:

— Каго я бачу — вучняў першакласа?

Вы што, сябры? He бачылі Пегаса?

Дык вось чаму буяюць рыфмаплёты!

Часцей падзенні — і радзей узлёты,

Часцей таптанні — і радзей разбегі...

Забранзавелі.

Сорамна, калегі!..

Ускочыў Цыс — паэт таленавіты,

Які не раз і ні за што быў «біты»:

— Ды тут, у зале гэтай ганарыстай,

Палова пела песні камуністам,

А потым дружна гэтая ж палова

Гарланіла:

«Ура! Перабудова!»

Былі ў ЦК, а сёння ў дэмакратах —

Па ветры жвава круцяцца на пятах...

— Заткні сваё хлябала, хрэн пярчоны! —

Імгненна агрызнуўся Беззаконны.

Старшынствуючы абсякае кпіны

І лупіць кулаком каля графіна:

— Ды хопіць абмываць чужыя пяты!

Навошта ж мы выносім смецце з хаты?

А ты, брат Цыс, хоць малады, ды ранні,

У нас чарга па прэміі і званні —

І прыкусі язык...

А Цыс сярдзіта:

— Так... Тут стаіць для выбраных карыта...

Чарга. Заслугі — словы ўсе пустыя,

Вядома ўсім — рука руку тут мые...

Гархоўскі кажа:

— Мы тут заначуем!

Вось кандыдат — давайце абмяркуем,

Ды падтрымаем рыфму маладую,

Ды павіншуем...

Я — рэкамендую!

Пачуўся голас:

— Ён мне падазроны!

І нос нятворчы нейкі — не чырвоны,

І пад вачамі не «мяхі», а гладка —

Тут асцярога трэба і аглядка...

Наступны голас адазваўся строга:

— Я цалкам згодзен: трэба асцярога!

Ёсць важкая прычына для адказу —

Я, як і кожны, з ім не піў ні разу...

Устаў чырвонатвары і лупаты

Паэт, які назваўся Плагіятам.

Абраў ён гэткі псеўданім дзівосны,

Каб прыбяліць булён свой творчы посны.

І вось гаворыць гэты твар чырвоны:

— Ну што вы наляцелі, як вароны?

Няхай дастане і пакажа з сумкі,

Магчыма, памякчэюць нашы думкі.

— Дастань!

— Дастань! — крычаць наперагонкі.

І я дастаў... пацёрты сшытак тонкі,

Хацеў пачаць чытаць у хваляванні,

Ды Плагіят спыняе:

— Кінь старанні!

Хапае ў нас свайго дабра такога —

He тое ты дастаў!

Пабойся Бога!

І падказаў мне Плагіят ахвотней:

— Ты выцягні што-небудзь... паістотней!

Тут я зачырванеўся і прызнаўся:

— Я да паэм пакуль не дакранаўся,

Таму істотней вершаў — анічога...

Зноў крык і гвалт:

— Ды трэба гнаць такога!

— У нас даўно у горле перасохла!

— Ды каб твая жывёліна падохла!

— Малакасос!

— Такому мала веры!..

З Пегасам падаліся мы за дзверы,

Далей ад залы, дзе гучаць праклёны.

Бывай, Саюз!

Бывай, Парнас хвалёны!

 

*

Загадка коле, нібы цвік з абцаса:

Няўжо я сапраўды зляцеў з Парнаса,

Бо не ў цане на тым Парнасе слоўкі,

Бо той Парнас распаўся на групоўкі,

І невядома, што там верхаводзіць?..

Ды не!

Жыццё такога не народзіць!

Хутчэй за ўсё, прысніў я сон жахлівы —

І зноў ажыў спакой мой палахлівы.

1995


1995

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.