epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

У школку

Вам цяжка — узімку і добра — улетку

Ісці па маленстве, вясковыя дзеткі.

Што нам давялося — і сёння вядзецца...

У горадзе дзецям павольней жывецца —

Аўтобус, тралейбус, метро — ад парогу.

Тут школа — ля дому часцей, праз дарогу.

У вёсцы і сёння змянілася мала —

Які табе «Снікерс»?.. Кавалачак сала!

Якія там булкі?.. Скарыначка хлеба!..

А ёсць у вяскоўцаў і ў смачным патрэба.

Дзіцячы вясковы світаначак — кволы,

Складаней за ўсё — дабірацца да школы,

У чорта яна на так званых кулічках,

Ці дождж, ці завея — ідзеш па прывычцы.

Пакуль дабярэшся да школы ад хаты,

Ваўком праглынеш свой абед небагаты.

Хоць з неба каменне, а ўранку — на золку,

Хоцькі-няхоцькі, а джгаеш у школку.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.