epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

У тым «было»

Тое, што было —

Яго няма...

Ў тым «было» —

й апошні брат мой Косцік...

Першы снег —

Пароша,

Бель,

Зіма,

Брат са стрэльбай,

я за ім, як хвосцік.

 

Косцік быў няспынна-гаваркі,

Ды і мой язык

мянціў нямала.

Ўсе зайцы

І ўсе цецярукі

За вярсту ад нас

давалі драла.

 

Мы палі тапталі,

лезлі ў лес,

Ладзілі прывалы з асалодай.

Што дзічына!

Вабіў сам працэс,

Еднасць душаў

з матухнай прыродай.

 

Піск сініцы,

Дзятлава тук-тук,

Мы ўспрымалі, як жыцця дарунак.

Косцік быў юнак,

а я — блазнюк,

Мелі мы гадоў маленькі клунак.

 

Той, юнацкі,

Нашых душаў жар

Нас яднаў і па жыцці не стынуў...

Сёння —

На душы гадоў цяжар,

Над якімі — гмахі успамінаў.

 

Косцік адышоў

у іншы свет,

Свет яго цяпер —

мае ўспаміны.

Свет яго — і вершы, ён паэт,

Вершы, што

Пасля сябе пакінуў.

 

І цяпер,

Па сцежках тых гадоў

Я іду адзін

у сэрцы з братам.

І паміж непаслухмяных слоў —

Боль пякучы:

Ў чым ён вінаваты?

 

Залатым пяром не апісаць

Свет яго добразычлівы,

Чысты.

Будзе ён з былога выкрасаць,

З лёсу Кастусёва промні-рысы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.