epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

У зале часу

Якою рамай

мне гады мае

Аправіць,

Як каштоўную карціну?

Жыцця карціну —

хутка я яе

У зале часу

назаўжды пакіну.

 

У зале часу безліч твораў.

Я ж

Далёка буду

ад «іканастасу».

Ці зацікавіць

гэты вернісаж

Нашчадкаў,

блаславёных новым часам?

 

О нашы жыцці!

Лёсы-мастакі!

Шуканні, кампазіцыі і спробы...

І я раблю

апошнія мазкі,

Авось камусьці

буду даспадобы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.