epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Удранка

Рукой падаць — ледзь не ля ганка,

У невядомы сіні край

Між лесу шчэміцца Удранка —

Рачулачка, амаль ручай.

 

Пад віславухасцю прывычнай,

Дзе песціць прахалоду цень,

Самотна пець вадзе крынічнай

Пра хуткі свой апошні дзень.

 

А чорны дзень не за гарамі —

Няма чым гулка віраваць...

А колісь тут, між гушчарамі,

Яе здаля было чуваць.

 

Цякла задзірыста Удранка,

Шукалі броду, бо — каюк.

І толькі стронгі, як маланкі,

Адужвалі напор ізлук.

 

У Дворышчы жыццё кіпела,

Быў пальны мост, вядомы млын.

Усё сыйшло на звод, зніцела,

А плыні цень, як успамін.

 

Яшчэ і сёння тут прыгожа,

Бяжыць Удраначка, пяе.

І Божа — вечны цар-надзёжа,

Ёй захлынуцца не дае.

 

Тут лес спявае калыханку,

Тут прахалоду песціць цень

І помніць дужую Удранку,

І беражэ, нібы каханку,

Перасыхаючы, струмень.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.