epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Удзячнасць

— Гэй, дзед!

Што ты паўзеш, як чарапах?

Вышэй вусы трымай,

Не горбі плечы!

Габлюй хутчэй,

А ты — то пых, то ах,

Жыццё імчыць,

Не адставай, старэча!

 

Айда за мной!

Ды весялей! Лады?

Успомні маладосць,

Як гойсаў лётам! —

Мяне абкрочыў

Хлопец малады,

Махнуў рукой

І знік за паваротам.

 

— Эх, хлопча,—

Прашаптаў яму я ўслед,—

Міргнеш —

І маладосць не адгукнецца.

І я быў малады,

Цяпер вось — дзед,

Ад старасці й табе

Нідзе не дзецца.

 

І я з жыццём

Калісьці быў на «ты»,

Цяпер я ім

«Пастаўлены на вушы»,

І скібы спраў маіх,

Гадоў пласты,

Прыціснулі душу

І лёс мой душаць.—

 

І ўсё ж яму я ўдзячны,

Ён мяне

Крутнуў на міг

Душой да маладосці.

— Няхай цябе хоць

Старасць абміне! —

Гукнуў я ўслед яму,

Гукнуў без злосці.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.