epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Удзячнасць і абразы

Паклон табе, Гасподзь —

ты мне даеш магчымасць,

Падтрымліваць жывёлінак і птах,

Чый горкі лёс штодня

у сэрца прад вачыма,

Чый боль штодня

крычыць у іх вачах.

 

Дзялюся з імі я

«багаццем» захудалым,

Я не шкадую

Сіл сваіх і трат.

Ад іх я адчуваў

удзячнасці нямала,

А ад людзей пачуў

абразы шмат.

 

Марозам аж за дваццаць,

бязлітасным, знішчальным,

Я, перад тым, як есці,

Іх кармлю.

Мяне суседзі, пэўна, ужо

лічаць ненармальным

І шыкаюць мне ўслед,

а я цярплю.

 

Эх, гэтую б магчымасць,

якую сёння маю,

Ды мець бы мне

калісьці, маладым!

Я да бацькоў, бывала,

заскочу, завітаю,

Ды падтрымаць іх

не было мне чым.

 

Апошняе ім нёс,

страсаў усе капейкі,

Выкручваўся, як можна,

шмат гадоў.

Ці тваражок ім нёс,

альбо масол там нейкі,

Ды зверху клаў

ахапак цёплых слоў...

 

Я зноў іду да тых,

вядзёны сэрцам чулым,

Чыё жыццё пастаўлена на кон.

Бяздомнічкаў кармлю,

а думкамі ў мінулым —

Эх, дажылі б бацькі

да гэтых дзён.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.