epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Уладальнік скарбаў

Зямляне мы, ў нас пад нагамі глеба,

Мы — ад зямлі спрадвек, яе мы дзеці.

Чаму ж нас так чаруе зорнасць неба?

Ці ж мала цудаў на сваёй планеце?

 

Хто нас ці што нас вабіць — невядома,

Няўжо ён ёсць, касмічны ген так званы?

І я, свае гады пакінуў дома,

Нырнуў у ноч, стаю зачараваны.

 

Забыўшыся аб марах і аб мэтах,

Здаецца мне пад казачнасцю зорнай:

Смяротны я — ўладальнік скарбаў гэтых,

Бязмежных, бессмяротных, непаўторных.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.