epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Улегцы не дайсці

Цяжкі ты, крыж, цяжкі,

Данесці б мне.

Жыццё, нібы вякі,

Да долу гне.

 

Калісьці дзён слата —

Нібыта крок.

А сёння дзень — вярста,

Знямог, узмок.

 

Вакол то «ай», то «вой»,

Ды тут і я.

У кожнага крыж свой,

Вага свая.

 

І чым ён, крыж, цяжэй,

Тым больш грахоў.

І чым фінал бліжэй,

Больш стыне кроў.

 

Бязгрэшных у жыцці —

Шукай, свішчы.

Улегцы не дайсці

Нам да свячы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.