epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Урок

...ад пункта «А» да пункта «Б»... —

Вучылі ў школе нас.

І я да складак на ілбе

Вылічваў хуткасць, час.

 

І, пасталеўшы вывучаў,

Вылічваў кожны крок,

Спяшаўся да таемных спраў,

Нібыта на урок.

 

Пакуль жыве ўва мне мая

Дасціпнасць зведаць свет,

Ад пункта «А» да пункта «Я»

Імкнуся неўпрыкмет.

 

Нябачнай вечнасці рука

Да пункта «Я» вядзе.

Але, пакуль няма званка,

Урок яшчэ ідзе.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.