epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Усё, што засталося

Па вёсачцы іду,

Якой амаль не стала,

Па памяці сваёй,

Якая ў сэрцы ёсць.

Па роднае зямлі,

Якая ўзгадавала,

І трапяткой душы

Дала святое штось.

 

І памятаю я

Жыцця світанак ранні,

Як хлапчучком ішоў

Па гэтай жа зямлі.

Ўсе радасці мае

І ўсіх трагедый раны —

У будучым маім,

Наперадзе былі.

 

Ідзі, мой хлапчучок,

Насустрач мне, Сяргейка,

Сны раскажы свае,

А я табе свае.

І нашага жыцця

Прачулая жалейка

Бальзам надзей і мар

Нам у душу ўліе.

 

Ідзеш ты па зямлі,

Па роднай вёсцы босы,

Павер, што гэта лепш

Сучаснасці штыблет.

Спяшацца патрывай

У тлумны свет дарослы,

З галоднага жыцця,

Няхай і ў сыты свет.

 

Ды што б я ні казаў

Ты будзеш жыць па-свойму,

І правільна, дружок,

Па-свойму ўсё рашы.

І святаў, і нягод,

Вялізную абойму

Па лёсе панясеш

У сэрцы, у душы.

 

Эх, вёсачка мая,

Усё, што засталося,

Ад тых гадоў і дзён

Шумлівай табалы.

Эх, светлае жыццё,

Ці ты мне падалося —

Ссівеласць, маладосць,

І хлапчучок малы?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.